Падчас візыту плянуюць абмеркаваць пытаньні разьвіцьця гандлёвых сувязяў, узаемадзеяньня ў сфэрах прамысловасьці, аховы здароўя, навукі і адукацыі, пашырэньня двухбаковай дамоўна-прававой базы, піша дзяржаўнае агенцтва. Міларад Додзік ужо наведаў Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі.
Візыт у Менск Додзік анансаваў у сьнежні 2023 году. «Я ўжо быў у Беларусі і зачараваны вашай краінай. Беражыце свайго прэзыдэнта і сваю свабоду, свой сувэрэнітэт. Калі вы гэта страціце, то страціце сябе», — заявіў тады Додзік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэр Рэспублікі Сэрбскай пасьля выбараў зноў заклікаў да развалу Босьніі і ГерцагавіныДодзік любіць падкрэсьліваць свае шчыльныя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і прэм’ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам. Раней Додзік крытыкаваў санкцыі супраць Расеі і асуджаў заявы іншых басьнійскіх палітыкаў, якія падтрымалі Ўкраіну. Таксама ён супраціўляецца рэформам у БіГ, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.
16 лютага Додзік у Маскве прымаў удзел у форуме партыі «Адзіная Расея» «За свабоду нацый!». У сваім выступе ён заявіў, што РФ «была вымушаная правесьці ваенную апэрацыю і абараняць свой сувэрэнітэт, у адказ заходнія краіны ўводзяць пастаянныя санкцыі — гэта яшчэ адзін від каляніяльнай экспансіі».
64-гадовы Додзік стаў прэзыдэнтам Рэспублікі Сэрбскай па выніках выбараў 2022 году. Блёк апазыцыйных партый абвінаваціў яго ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і запатрабаваў пераліку галасоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскі кандыдат Додзік перамагае на выбарах у БосьнііУ сьнежні 2023 году ў Сараеве пачаўся суд над Додзікам. Ён абвінавачваецца ў непадпарадкаваньні рашэньням высокага прадстаўніка ААН Крысьціяна Шміта, якому даручана сачыць за выкананьнем Дэйтанскіх пагадненьняў, што паклалі канец крывавай грамадзянскай вайне ў краіне ў 1990-х гадах. Міларад Додзік неаднаразова пагражаў аддзяленьнем Рэспублікі Сэрбскай ад Босьніі і Герцагавіны, і, калі яго прызнаюць вінаватым на працэсе, яму можа пагражаць да 5 гадоў турэмнага зьняволеньня, а таксама забарона займацца палітыкай.
Рэспубліка Сэрбская — аўтаномія ў складзе Босьніі і Герцагавіны. Створаная ў 1992 годзе як самаабвешчаная дзяржава, стала складовай часткай Босьніі і Герцагавіны па выніках Дэйтанскіх пагадненьняў 1995 году.