Трампа прызналі вінаватым у тым, што ён штогод на працягу дзесяці гадоў завышаў чысты кошт свайго сямейнага бізнэсу на $3,6 мільярда. Гэта дазваляла яму атрымліваць больш выгадныя ўмовы крэдытаваньня.
Таксама суд забараніў Трампу на працягу трох гадоў быць супрацоўнікам ці дырэктарам любой нью-ёркскай кампаніі. На той жа пэрыяд Трампу і яго кампаніям забаронена прасіць крэдыт у любой фінансавай установе Нью-Ёрка.
Акрамя таго, суд абавязаў старэйшых сыноў Трампа — Дональда-малодшага і Эрыка — выплаціць па чатыры мільёны даляраў штрафу. Судзьдзя прызнаў іх вінаватымі ў «шматлікіх выпадках махлярства». Таксама ім забаронена на працягу двух гадоў узначальваць кампаніі ў Нью-Ёрку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з Амэрыкай. Першы выпуск падкасту «Куды коціцца сьвет»У сваёй сацыяльнай сетцы Трамп зноў назваў справу супраць яго «паляваньнем на ведзьмаў» і «ўмяшаньнем у выбары». Адвакаты Трампа і яго сыноў маюць намер падаваць апэляцыю.
Супраць Трампа, які зьбіраецца ізноў удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта ЗША сёлета, узбуджаныя чатыры крымінальныя справы. Ні па адной зь іх віну Трамп не прызнае.
Зыходзячы з апошніх апытаньняў амэрыканцаў, Трамп, які быў прэзыдэнтам у 2017-2021 гадах, — патэнцыйны пераможца праймэрыз Рэспубліканскай партыі. У гэтым выпадку ён будзе змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША з верагодным кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэнам і некалькімі самавылучэнцамі.