Парлямэнт Грэцыі 15 лютага прагаласаваў за легалізацыю аднаполых шлюбаў і ўсынаўленьне дзяцей аднаполымі сем’ямі.
Як паведаміла BBC, Грэцыя стала 37-й краінай у сьвеце і першай праваслаўнай краінай, якая ўзаконіла аднаполыя шлюбы. Новы закон падтрымалі 176 з прысутных 245 дэпутатаў парлямэнту Грэцыі.
Закон прасоўваў асабіста прэмʼер-міністар Кірыякас Міцатакіс, лідэр кансэрватыўнай партыі «Новая дэмакратыя». Пры гэтым супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў выступалі дзясяткі дэпутатаў ад партыі прэмʼера, аднак закон падтрымалі дэпутаты ад апазыцыі, у тым ліку ад левай партыі «Сірыза», лідэр якой зьяўляецца прадстаўніком ЛГБТ.
«Гэта гістарычная вяха ў справе забесьпячэньня правоў чалавека, якая адлюстроўвае сёньняшнюю Грэцыю — прагрэсіўную, дэмакратычную краіну, якая горача верыць у эўрапейскія каштоўнасьці», — напісаў прэмʼер-міністар Міцатакіс у сацсетках.
Выступаючы ў парлямэнце ў часе дэбатаў, Міцатакіс сказаў, што новы закон значна палепшыць жыцьцё даволі многіх суграмадзян, нічога не адбіраючы ў большасьці.
Грэцкая (Эладзкая) праваслаўная царква, якая мае ў краіне дзяржаўны, канстытуцыйны статус пераважнай рэлігіі і карыстаецца аўтарытэтам сярод многіх дэпутатаў партыі Міцатакіса, выступае рашуча супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў.
Кіраўнік царквы, арцыбіскуп Атэнскі і ўсёй Элады Геранім II, заявіў, што новы закон — гэта спроба навязаць краіне новыя рэаліі, якія руйнуюць тканіну грамадзтва.
Грэцыя легалізавала аднаполыя цывільныя саюзы ў 2015 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эстоніі ўступіў у сілу закон аб прызнаньні аднаполых шлюбаўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава заявіла, што ў Беларусі можа зьявіцца закон аб забароне прапаганды ЛГБТ, і спаслалася на Расею