Зяленскі легалізаваў мэдычны канабіс ва Ўкраіне

Акцыя ў Кіеве за легалізацыю медычнага канабісу, чэрвень 2019 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон аб легалізацыі мэдычнага канабісу, адпаведны запіс зьявіўся на сайце Вярхоўнай Рады. Закон уступіць у сілу праз паўгода пасьля публікацыі — у сярэдзіне ліпеня 2024 году.

Размовы аб неабходнасьці легалізацыі мэдыцынскай марыхуаны ішлі ва Ўкраіне з 2016 году. У ліпені 2023 году законапраект быў ухвалены ў першым чытаньні. Да гэтага заклікаў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі — ён падтрымаў ініцыятыву яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі ў 2019 годзе.

«Мы павінны нарэшце сумленна легалізаваць для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, лекі на аснове канабісу. Адпаведныя навуковыя дасьледаваньні і кантраляваную ўкраінскую вытворчасьць», — заявіў ён.

Адна з прычын, па якой дэпутаты пагадзіліся легалізаваць лекі на аснове канабісу, — вайна. Зяленскі адзначаў, што Украіна мае намер стварыць наймацнейшую ў Эўропе галіну мэнтальнай і фізычнай рэабілітацыі. Легалізацыю падтрымлівалі вядомыя ўкраінцы, сярод якіх журналісты, спартоўцы, палітыкі, вучоныя і лекары.

Актывісты таксама ўказвалі на тое, што легалізацыя мэдычнай марыхуаны можа дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад посттраўматычных стрэсавых разладаў (ПТСР).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для адбудовы Ўкраіны спатрэбіцца $486 мільярдаў. Кіеў патлумачыў, адкуль такая сума