У Менскім гарадзкім судзе завочна вынесьлі выракі ў крымінальнай справе, заведзенай супраць актывістаў ByPol, арганізацыі былых сілавікоў, якія перайшлі ў апазыцыю да Лукашэнкі, а таксама «Сытуацыйна-аналітычнага цэнтру» і «Мабілізацыйнага пляну „Перамога“».
Як паведамляе дзяржаўнае агентцва «БелТА», Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў зьняволеньня. Мацьвею Купрэйчыку, Уладзімеру Жыхару і Ігару Лобану — па 12 гадоў, Андрэю Астаповічу — 11 гадоў.
Судзьдзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам «справы BYPOL» таксама штрафаў амаль на 350 000 эўра.
Аляксандр Азараў мае выплаціць 400 000 рублёў, Мацьвей Купрэйчык — 220 000 рублёў, Уладзімір Жыгар, Ігар Лобан, Андрэй Астаповіч — па 200 000 рублёў, Алег Талерчык — 40 000 рублёў. Агулам 1 262 000 беларускіх рублёў (амаль 364 тысячы эўра).
Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.
Рэакцыя ByPol
У ByPol адрэагавалі на выракі:
«Мы падкрэсьліваем, што падобнага кшталту рашэньні ня маюць ніякай юрыдычнай сілы. Таму зьвяртаць на іх увагі ня трэба, сыстэма па палітычных справах працуе зладжана. Любы падобны „прысуд“ — толькі акт запалохваньня, які ўсё роўна ня спыніць нас у барацьбе з рэжымам».
Завочны суд у гэтай справе ішоў з 22 студзеня. Былым сілавікам, якія выступілі супраць уладаў, інкрымінуюцца розныя артыкулы КК, у тым ліку за здраду дзяржаве, арганізацыю акту тэрарызму, дзеяньні з мэтай захопу ўлады, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім.
Усяго ў справе больш за 60 тамоў, у ёй праходзіць больш за 10 пацярпелых. Працэс вяла судзьдзя Дзіна Кучук.
Спэцвядзеньне ў справе распачалі 8 верасьня 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завочны суд у «справе ByPol» пачаўся ў МенскуРаскол у ByPol
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі ўнутранага канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
Прадстаўнікі апошняга сьцвярджалі, што АСБ BELPOL стала праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі, а фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».
Аднак Азараў называе передачу любых правоў аб’яднаньню BelPol хлусьнёй і адмаўляе яе. «Звальненьне людзей ня можа прывесьці да перадачы праў», — пракаментаваў ён.
Што такое спэцвядзеньне
Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.
Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» адмыслова ўвялі для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).
Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць некалькі катэгорый агентаў». Прадстаўнік ByPol расказвае, каго вярбуюць у агенты і як выявіць інфарматараў КДБ