У Лунінцы за лайкі ў «Одноклассниках» арыштавалі 74‑гадовага пэнсіянэра, хворага на рак
У Лунінцы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў асудзілі 74-гадовага Анатоля Прышчыка, паведамляюць праваабаронцы «Берасьцейскай вясны».
Анатоля Прышчыка затрымалі надвячоркам 12 лютага. Як паведамлялі сваякі, затрыманьне было жорсткае: «з чорнага бусу выскачылі 15 амбалаў са зброяй, кінулі 74-гадовага дзядульку тварам аб зямлю».
15 лютага лунінецкая судзьдзя Вікторыя Жук дала Анатолю Прышчыку 15 сутак арышту па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Падставай сталі колішнія лайкі ў «Одноклассниках» пад інфармацыяй пра Сьвятлану Ціханоўскую.
Суд не прыняў да ўвагі мэдычныя заключэньні аб цяжкіх захворваньнях актывіста: у 2022 годзе яму рабілі апэрацыю ў сувязі з ракам лёгкага, мае праблемы з сэрцам.
Анатоль Прышчык быў сябрам партыі БСДП (Грамада), неаднаразова зьяўляўся назіральнікам на выбарах.
У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка
У Слоніме затрымалі актывіста Алеся Масюка, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У ягоным доме правялі ператрус. Па якім артыкуле затрыманы актывіст, невядома.
У студзені 2023 году Масюка аштрафавалі на 740 рублёў за лайкі пад матэрыяламі Радыё Свабода па артыкуле аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).
Жыхара Лунінца судзяць за абразу Лукашэнкі і стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня»
Берасьцейскі абласны суд з 15 лютага пачынае разглядаць справы супраць жыхара Лунінца Аляксандра Паліўкі, піша «Вясна Брэст».
Паліўку абвінавачваюць у закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі (частка 3 артыкула 361 КК), стварэньні або ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» (частка 3 артыкула 361-1 КК), абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК), абразе Лукашэнкі (частка 8 КК) і паклёпе ў дачыненьні да Лукашэнкі (частка 2 артыкула 367 КК).
У жніўні 2023 году праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманьні Паліўкі. У ім ён казаў, што сілавікі затрымалі яго паводле артыкула аб распальваньні варожасьці і абразе Лукашэнкі.
Аўтары роліка паказалі скрыншоты камэнтароў у тэлеграме: «Скрыжуем пальчыкі ў надзеі, што здох дзе-небудзь пад плотам», «Я беларус, зая...ла ўжо глядзець на ўсё гэта» і іншыя. Акаўнт, зь якога адпраўляліся гэтыя паведамленьні, быў выдалены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лютага: затрымалі віцебскага блогера Ўсьціновіча, супрацоўніц «МТБанку» і берасьцейца, які вярнуўся з ПольшчыCілавікі затрымалі жыхарку Нароўлі за «абразьлівы» камэнтар пра ўладу
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманай Тацянай Арахоўскай з Нароўлі, што на Гомельшчыне.
На відэа яна кажа, што ў сацсетках на эмоцыях пакінула камэнтар з абразай. Дзяўчыну адпусьцілі дадому пад падпіску аб нявыезьдзе.
Аўтары паста сьцьвярджаюць, што Тацяна доўгі час жыла ў Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 лютага: затрымалі супрацоўнікаў «Газпрам трансгаз Беларусь»Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 7 чалавек, у тым ліку маці блогеркі Вольгі Такарчук
Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 7 чалавек, вынікае з сумеснай заявы на сайце цэнтру «Вясна».
Адпаведны статус атрымалі Яўген Глушкоў, Тацяна Сьцепа, а таксама маці блогеркі, экс-палітзьняволенай Вольгі Такарчук Ірына Такарчук. Усе яны ўзятыя пад варту паводле арт. 3612 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці), 3614 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэкса.
Палітвязьнямі таксама прызнаныя Натальля Ладуцька (узятая пад варту пасьля студзеньскага масавага рэйду сілавікоў), Дзіяна Стульба (пазбаўленая волі паводле ч. 2 арт. 3612 КК за ахвяраваньні ініцыятывам, прызнаным «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», тэрмін невядомы), Аляксандар Варонін (пазбаўленьне волі паводле арт. 3614 КК, тэрмін невядомы) і Аляксей Швяцоў (5 гадоў зьняволеньня за ахвяраваньні беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, арт. 3613 КК).
Паводле стану на 15 лютага, праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі ў Беларусі 1420 чалавек, аднак колькасьць рэпрэсаваных з палітычных матываў можа быць значна большай.