Узровень вады ў шэрагу беларускіх рэк перавысіў небясьпечную адзнаку. Белгідрамет абвясьціў папярэджаньне

Белгідрамет абвясьціў штармавое гідралягічнае папярэджаньне на бліжэйшыя дні. Узровень вады на Прыпяці і яе прытоках у асобных месцах ужо перавысіў небясьпечную адзнаку, затопленыя прыбярэжныя тэрыторыі.

У Белгідрамеце папярэдзілі, што узроўні вады перавышаюць небясьпечныя высокія адзнакі на Прыпяці (ля вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага р-на і горада Петрыкаў), а таксама на яе прытоках — рэках Пціч (у Петрыкаўскім раёне), Случ (ля аграгарадка Ленін) і Цна (каля Дзятлавічаў). Узроўні вады блізкія да небясьпечных адзнак на Нёмане ў раёне Стоўпцаў і яго прытоку — рацэ Шчара (каля Слоніма).

У найбліжэйшыя дні крытычную адзнаку перавысіць узровень вады на прытоку Прыпяці — рацэ Убарць каля вёскі Краснабярэжжа ў Лельчыцкім раёне. Тут таксама ёсьць рызыка затапленьня навакольных тэрыторый.

Акрамя таго, «ускрыліся» Бярэзіна ў раёне Барысава і Вілія ў раёне вёскі Малая Свіранка, ачысьціліся ад лёду некаторыя прытокі Віліі.

Паводле зьвестак МНС, адзначаюцца затапленьні прыбярэжных тэрыторый у большасьці раёнаў Гомельскай вобласьці, асобных раёнах Берасьцейскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях.

Гідрасыноптыкі адзначаюць, што на большасьці рэк краіны назіраюцца ваганьні ўзроўню вады, а ў басэйнах Буга, Бярэзіны і Прыпяці ён расьце з хуткасьцю 1-15 см у суткі. Ледастаў яшчэ назіраецца на Дняпры, Сожы, большай частцы Дзьвіны і Бярэзіны, але спэцыялісты падкрэсьліваюць, што ў ледзяным покрыве зьяўляюцца ўчасткі з адкрытай вадой, якая таксама праступае на паверхні лёду, што робіць перамяшчэньне небясьпечным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне працягваецца самая маштабная паводка за апошняе дзесяцігодзьдзе. ВІДЭА з дрона