Раман Пратасевіч, блогер, экс-рэдактар NEXTA і былы палітвязень, правёў стрым, падчас якога адказаў на некалькі пытаньняў гледачоў, сярод якіх былі і журналісты выданьняў «Наша ніва» і «Люстэрка». Пераказваем ягоныя адказы.
Пра тое, чым ён займаецца і ці выяжджае зь Беларусі
Раман Пратасевіч расказаў, што пакуль ня можа выяжджаць зь Беларусі, бо ў яго не пагашаная судзімасьць і па лініі падатковай ёсьць запазычанасьць. Да таго ж ідзе яшчэ адзін працэс у кампэнсацыі шкоды. Разам з тым ён дадаў, што ў яго няма і жаданьня зьяжджаць, бо «мая сям’я тут».
На пытаньне журналіста «Люстэрка», чым ён цяпер займаеццца, Пратасевіч аказаў, што пакуль не працуе, бо яго «толькі нядаўна прыбралі з розных сьпісаў — экстрэмісцкіх, тэрарысцкіх і гэтак далей».
«Пытаньне грошай — пустое. Жонка працуе, і ў яе ёсьць падпрацоўка. Неяк так удваіх жывём», — дадаў ён.
Таксама Раман сказаў, што, седзячы дома, «захапіўся картамі Таро» і глядзіць «Бітву экстрасэнсаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памілаванага Лукашэнкам Пратасевіча выдалілі са «Сьпісу экстрэмістаў»Пра паказаньні на іншых
«Наша Ніва» спытала ў Пратасевіча, ці ня сорамна яму за тое, што «нагаварыў на іншых людзей». Ён адказаў, што падчас допытаў яго сапраўды распытвалі пра многіх людзей, але гэта былі «стандартныя пытаньні», і дадаў:
«Гэтыя людзі ўжо знаходзіліся ў СІЗА. Няўжо вы думаеце, што, калі б я, ведаючы (а ў мяне было шмат допытаў пра людзей, якіх я нават ня ведаў), рэзка стаў казаць „не, ня ведаю“, гэтым людзям не далі б тэрмін ці штосьці было іначай? Ці вы думаеце, калі я б сказаў „не, я адмаўляюся даваць паказаньні“, гэтых людзей бы адразу адпусьцілі? У чым лёгіка?»
Таксама журналіст спытаў у Рамана, чаму з памілаваньнем і хатнім арыштам пашанцавала толькі яму.
«Я лічу, што ў нейкай ступені мне пашанцавала. У нейкай ступені я выбудаваў нейкую правільную тактыку, таму што я не ішоў на канфрантацыю, а прызнаваў відавочныя рэчы, у тым ліку і публічна і не стараўся зь сябе строіць тое, чым не зьяўляюся», — адказаў Пратасевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ выключыў з тэрарыстычнага сьпісу Пратасевіча і Сапегу, якіх раней памілаваў ЛукашэнкаПра рэпрэсіі
У Пратасевіча спыталі, калі, на ягоную думку, у Беларусі спыняцца рэпрэсіі, бо многія хацелі б вярнуцца. На гэта ён выказаўся, што ў Беларусі пра рэпрэсіі «нідзе ніхто сярод людзей ужо даўно не гаворыць» і «гэта тэма неактуальная некалькі гадоў як».
Паводле Пратасевіча, сам ён не баіцца зноў апынуцца за кратамі, бо «ня робіць больш злачынстваў, за якія можа апынуцца ў СІЗА».
Калі яго спыталі, ці справядлівыя жорсткія прысуды, вынесеныя ў Беларусі журналістам, Пратасевіч адказаў, што на гэта пытаньне «павінныя адказваць або журналісты, або кампэтэнтныя органы», а ён жыве ў Беларусі, а «значыць, ёсьць адно простае правіла: падабаюцца ці не законы, я буду іх прытрымлівацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патлумачыў, чаму памілаваў Пратасевіча: «Гэты хлопец зрабіў усё, што абяцаў»Пра Рамана Пратасевіча
Былога рэдактара тэлеграм-канала Nexta Рамана Пратасевіча разам з Соф’яй Сапегай затрымалі 23 траўня 2021 году пасьля прымусовай пасадкі ў Менску рэйса Ryanair Атэны — Вільнюс. Спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА, потым перавялі пад хатні арышт, пазьней — пад падпіску аб нявыезьдзе.
3 траўня 2023 году Менскі абласны суд прысудзіў былому Пратасевічу 8 гадоў пазбаўленьня волі. Аднак ужо 22 траўня 2023 году, да гадавіны арышту, было абвешчана, што Лукашэнка памілаваў Пратасевіча.
Двух іншых фігурантаў справы судзілі завочна ў рамках «спэцыяльнага вядзеньня». Ян Рудзік завочна асуджаны на 19 гадоў пазбаўленьня волі, Сьцяпан Пуціла — на 20. Судзьдзя Вячаслаў Тулейка прызнаў Пратасевіча і іншых фігурантаў справы вінаватымі паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Іх вінавацілі ў кіраўніцтве «экстрэмісцкім» фармаваньнем, распальваньні варожасьці, закліках да захопу ўлады і паводле іншых артыкулаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раман для выгады зробіць усё»; «ахвяра і кат адначасова». Былая калега Пратасевіча і гісторык разважаюць, за што яго «памілавалі»