Генсакратар NATO заявіў, што супольныя выдаткі эўрапейскіх чальцоў Альянсу на абарону ў 2024 годзе дасягнуць 2% ВУП

Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі, што ў 2024 годзе эўрапейскія чальцы Альянсу ўкладуць у абарону 380 млрд даляраў, што давядзе іх агульныя выдаткі да 2% супольнага ВУП у параўнаньні з 1,85% у 2023 годзе, паведамляе агенцтва Reuters.

«Я чакаю, што 18 саюзьнікаў выдаткуюць 2% свайго ВУП на абарону ў гэтым годзе», — сказаў Столтэнбэрг на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

У 2014 годзе, пасьля расейскай анэксіі Крыму, чальцы Альянсу, якіх цяпер 31, паставілі перад сабой мэту давесьці выдаткі на абарону да ўзроўню 2% ад нацыянальнага ВУП.

У 2023 годзе гэты нарматыў выканалі толькі 11 чальцоў Альянсу: Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Грэцыя, ЗША, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славаччына, Фінляндыя і Эстонія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што будзе заахвочваць Расею атакаваць членаў NATO, якія ня робяць абаронных выплатаў

Днямі былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку ягонай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў лістападзе 2024 году ён будзе заахвочваць Расею «рабіць усё, што ёй захочацца», з саюзьнікамі ЗША па NATO, якія не выдаткоўваюць дастаткова сродкаў на абарону.

Адказваючы на пытаньні журналістаў, зьвязаныя з палемікай вакол камэнтароў Трампа, Столтэнбэрг сказаў, што Злучаныя Штаты «ніколі не вялі вайну ў адзіночку» і ведаюць, наколькі важны абарончы альянс для іх уласнай бясьпекі.

«Крытыка, якую мы чуем, тычыцца ня NATO, а саюзьнікаў па NATO, якія недастаткова выдаткоўваюць на Альянс», — дадаў Столтэнбэрг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн раскрытыкаваў Трампа за выказваньні пра NATO і Расею

Як адзначае Reuters, пасьля заканчэньня халоднай вайны сёлета Нямеччына ўпершыню дасягне ўзроўню вайсковых выдаткаў 2% ад ВУП. Францыя таксама павялічвае свае вайсковыя выдаткі, але ўзроўню 2% ад ВУП дасягне не раней за 2025 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NYT: кіраўніцтва Нямеччыны аналізуе будучыню NATO і рыхтуецца да працяглага канфлікту з Расеяй