Законапраект унесьлі ў Дзярждуму Расеі 22 студзеня, а 31 студзеня яго аднагалосна прынялі. 7 лютага яго ўхваліў Савет Фэдэрацыі РФ.
Цяпер расейскія ўлады змогуць канфіскоўваць «грошы, каштоўнасьці і іншую маёмасьць», калі яны выкарыстоўваліся або прызначаліся для «дзейнасьці, накіраванай супраць бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі».
У законе пералічваюцца некалькі артыкулаў, у асуджаных паводле якіх могуць канфіскаваць маёмасьць. Сярод іх — распаўсюджваньне так званых «фэйкаў аб расейскай арміі», дэзэртэрства, невыкананьне загаду, удзел у непажаданай арганізацыі, а таксама «публічныя заклікі, накіраваныя супраць бясьпекі дзяржавы». Большасьць гэтых артыкулаў дадалі ў Крымінальны кодэкс або ўзмацнілі пакараньне па іх пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскай Думе разглядаюць закон аб канфіскацыі маёмасьці за «фэйкі аб арміі»Паводле старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, прынятае рашэньне «дазволіць караць тых, хто вядзе дзейнасьць супраць сваёй краіны» — пазбаўляць ганаровых званьняў, канфіскоўваць іх маёмасьць, грошы і іншыя каштоўнасьці.
Пры гэтым Крымінальны кодэкс РФ прадугледжвае, што канфіскаваць можна толькі маёмасьць, атрыманую ў выніку ўчыненьня злачынства, або маёмасьць, якая выкарыстоўваецца для яго ўчыненьня.
Фэйкамі пра расейскую армію расейскія суды прызнаюць паведамленьні пра вайну ва Ўкраіне, якія не супадаюць з вэрсіяй Мінабароны РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «справе Каардынацыйнай рады» звыш 100 падазраваных. У іх хочуць сканфіскаваць маёмасьць у Беларусі