«Не хацеў памерці ў турме». Былы палітвязень Пятрухін расказаў, чаму рэзаў сабе вены за кратамі і чаму быў вымушаны эвакуавацца

Сяргей Пятрухін. Ілюстрацыйны каляж

Вядомы берасьцейскі блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін эвакуаваўся зь Беларусі больш як праз год пасьля вызваленьня. Які ціск зазнаюць былыя палітвязьні ў Беларусі? Што змусіла Пятрухіна рэзаць вены ў магілёўскай турме?

І што было самым цяжкім у калёніі «Віцьба-3»? Як жылося за кратамі беларускамоўнаму блогеру? Якая падтрымка патрэбная цяпер былому палітвязьню? Пра гэта Свабодзе Premium расказаў сам Сяргей Пятрухін, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы і вяртаецца да працы вядоўцам Youtube-каналу «Народный репортёр».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра рашэньне застацца ў Беларусі пасьля вызваленьня

— Калі я выйшаў, тое, што я чуў у інфармацыйным полі, было станоўчым — рыхтаваўся ўкраінскі контранаступ, быў вялікі ўрон расейскім войскам. Былі тады ў сеціве жыцьцесьцьвярджальныя прагнозы. Я думаў, што варта быць у сваім горадзе. Мала што пачнецца, і трэба быць на месцы людзям, якія гатовыя са зброяй у руках выйсьці і змагацца за свабоду, калі будуць пэўныя ўмовы. І я думаў, што тут маё месца.

Што змусіла зьехаць

— Пасьля затрыманьняў сваякоў палітвязьняў і былых палітвязьняў мне патэлефанавалі з выканаўчай інспэкцыі і папрасілі, каб я ў пятніцу пасьля абеду падышоў да іх. Гэта было трыгерам. Калі я да іх прыйшоў, я зразумеў... я гэта і раней разумеў, але так востра зразумеў, што маё жыцьцё мне не належыць і што мяне гэтыя зьвяры могуць у любы момант... І гэта зьдзяйсьняецца. Яны ў мяне ўзялі ДНК, адбіткі пальцаў, сфоткалі мяне. І калі я адтуль выйшаў, у мяне была панічная атака. Я зразумеў, што я не хачу паміраць у турме. Я ведаў, што яны прыйдуць. Яны б прыйшлі па мяне. Нельга дараваць таго, што я з Кабанавым раней зрабіў гэтай антычалавечнай краіне. Людзям даюць за лайкі тры гады, а тое, што мы з Кабанавым зрабілі — гэта ж ня лайкі. І вырашыў ехаць, уцякаць. Калі зрабілі экстрэмісцкай «Е-дастаўку» задняй датай... Было 70 чалавек у РУУС у Берасьці ў гэтай справе. І я вырашыў, што ўсё. Я ўжо псыхічна ня мог. Мяне пачало калаціць. Цалкам страх авалодаў маёй галавой.

Пра сьмерць палітвязьня ў «Віцьбе-3»

— Я проста ўявіў гэтага хлопца, які памёр на «Віцьбе-3». Яго пасадзілі за данаты. Я проста ўявіў, як я паміраю ў турме. Я бачыў, як там паміраюць. І гэтая карціна проста перавярнула маё сэрца. Я падумаў, што лепш я памру свабодным чалавекам. Сытуацыя пагаршаецца, але яна можа ў любы момант лопнуць. І гатовы ў любы момант паехаць у Беларусь. Вядома, што ня кветкі дарыць амапаўцам, а змагацца. Я проста на гэта гатовы, і я буду шчасьлівы загінуць у баі за незалежнасьць, чым проста мяне там растопчуць у турме. Я ведаю, як гэта адбываецца і што нічога ня можаш зрабіць.

  • Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вялі Youtube-канал «Народный репортёр». Вялікую вядомасьць блогеры займелі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Пятрухіна ў 2018 годзе некалькі разоў арыштоўвалі, у 2019 годзе Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу — за паклёп на ўчастковага міліцыянта. Блогер віны не прызнаў і грамадзкай дзейнасьці не спыніў. 16 чэрвеня 2020 году Пятрухіна схапілі ў вёсцы Востраў пад Пухавічамі. Затрымліваць блогера прыехалі больш за 20 сілавікоў на 9 аўтамабілях.
  • Падчас судовага працэсу Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры магілёўскага ізалятара. За гэта яго адправілі ў карцар.
  • У красавіку 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды ў зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК). Сяргей Пятрухін быў асуджаны яшчэ і за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК). Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала абодвух блогераў трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргей Пятрухін выйшаў на волю ў сьнежні 2022 году і заставаўся ў Беларусі да сярэдзіны лютага 2024 году.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.