Эстонія папярэдзіла расейцаў аб магчымым закрыцьці мяжы з РФ

На эстонска-расейскай мяжы

Напружаньне паміж Эстоніяй і Расеяй расьце, і прычынай зьяўляюцца агрэсіўныя выказваньні Пуціна.

Дэпартамэнт паліцыі Эстоніі папярэдзіў расейскіх грамадзян аб магчымым закрыцьці расейска-эстонскай мяжы неўзабаве з прычыны «міграцыйнага ціску», як гэта адбылося раней зь Фінляндыяй.

Па зьвестках RTVI, напамінак з папярэджаньнем раздалі расейцам падчас выезду з Эстоніі праз пункт пропуску Нарва.

Эстонскі бок адзначае, што людзі, якія перасякаюць мяжу, магчыма, ня змогуць вярнуцца тым самым маршрутам.

Зь сярэдзіны лістапада 2023 году фінскія ўлады пачалі абмяжоўваць працу КПП на мяжы з Расеяй. Да канца году мяжу цалкам закрылі. Улады Фінляндыі растлумачылі такія захады вялікай колькасьцю нелегальных мігрантаў, якія ўяжджаюць у краіну з тэрыторыі Расеі.

Напярэдадні ў Дэпартамэнце зьнешняй выведкі Эстоніі заявілі, што мэта абвешчанай у Расеі рэформы войска — вайсковае дамінаваньне ў рэгіёне Балтыйскага мора і павелічэньне колькасьці расейскіх войскаў на межах Эстоніі.

Паводле эстонскай выведкі, адзін з імаверных сцэнараў прадугледжвае павелічэньне ў два разы асабовага складу сухапутных і паветрана-дэсантных войскаў Расеі на эстонскім кірунку, як гэта было ў выпадку з Украінай перад пачаткам уварваньня 24 лютага 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонская выведка заявіла, што Расея фармуе вакол Эстоніі наступальны патэнцыял
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Эстоніі не падоўжылі дазволу на жыхарства мітрапаліту РПЦ Яўгенію. Ён выехаў у Расею