Міністры замежных спраў Нямеччыны, Польшчы і Францыі ў сумеснай заяве па выніках сустрэчы ў Парыжы 12 лютага заклікалі Эўразьвяз увесьці «мэтавыя санкцыі» супраць Беларусі.
Як адзначаецца на сайце МЗС Польшчы, такі крок неабходны, каб «не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў цэнтар абыходу санкцыяў супраць Расеі», пры гэтым у эўрапейскай санкцыйнай палітыцы неабходна захаваць «выразную дыфэрэнцыяцыю ў дачыненьні да агрэсара», піша «Позірк».
Міністры пацьвердзілі абавязаньні сваіх краін «змагацца з ухіленьнем ад санкцыяў, умацоўваць выкананьне прынятых абмежавальных мераў і ўводзіць далейшыя сэктаральныя і індывідуальныя санкцыі, накіраваныя ў першую чаргу на абмежаваньне магчымасьцяў Расеі па вядзеньні вайны».
Пра ўзмацненьне санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ў кантэксьце беларускага парадку дня ў заяве не гаворыцца.
Беларусь у ім згадваецца яшчэ адзін раз: падкрэсьліваецца неабходнасьць распрацоўкі «дарожнай мапы», часткай якой стане ініцыятыва «Вэймар культуры», накіраваная на падтрымку дзеячоў культуры з Украіны, а таксама зь Беларусі і Расеі, якія знаходзяцца ў выгнаньні, праз спэцыяльныя праграмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У праект 13-га пакету санкцый Эўразьвязу трапіла беларускае прадпрыемства «Пеленг»Заява кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў зробленая ў рамках аб’яднаньня «Вэймарскі трохкутнік» — трохбаковай рэгіянальнай групы для разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Нямеччынай, Польшчай і Францыяй. Група існуе ў асноўным у форме сустрэч на вышэйшым узроўні паміж лідэрамі гэтых краін і іх міністрамі замежных спраў.