Пра тое, што ў Гомельскім раёне бадзяжных сабак замест адлову вырашылі адстрэльваць, паведаміла газэта «Маяк» Гомельскага райвыканкаму. Адстрэл даручылі мясцовым паляўнічым.
«Як паказала практыка, вырашаць пытаньне традыцыйным адловам аказалася неэфэктыўна, таму яшчэ летась вырашылі пайсьці на кардынальныя меры. Па дамоўленасьці зь Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў патэнцыйна небясьпечныя жывёлы адстрэльваюцца», — гаворыцца ў матэрыяле.
Паведамляецца, што мясцовых жыхароў папярэдне інфармуюць пра гэта, «каб іх хатнія гадаванцы выпадкова не пацярпелі». Калі сабак не зарэгістраваць і ў іх няма жэтона, дык пасьля адлову па-за межамі населеных пунктаў, нават калі яны з ашыйнікам, гаспадарам іх ня вернуць.
У Беларусі кантроль колькасьці жывёл рэгулюе закон — палажэньне «Аб парадку дзейнасьці арганізацый па адлове, адстрэле, утрыманьні і эўтаназіі безнаглядных жывёл». У адпаведнасьці з пунктам 13 «агрэсіўных безнаглядных жывёл, якія падазраюцца ў шаленстве, а таксама ў месцах, дзе немагчыма ўжыць пасткі і іншыя спосабы адлову, дазваляецца іх часовае ўсыпленьне з дапамогай спэцыяльных стрэльбаў» зь лекавымі прэпаратамі, якія вызначае вэтэрынар.
У выключных выпадках паводле рашэньня мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца адстрэл безнаглядных жывёл у адпаведнасьці з пунктам 14 «Правілаў утрыманьня свойскіх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь».
«Але тут не падобна да выключнага выпадку. Яны проста вырашылі ў сваім раёне забіць на правілы. Але нават у выключным выпадку гэтым ня можа займацца нехта пабочны, нават БТПР, — пракамэнтаваў выданьню «Флагшток» спэцыяліст арганізацыі «Экадом». — У палажэньні ёсьць пра агрэсіўных і падазраваных у шаленстве, але нават іх не адстрэльваюць, а часова ўсыпляюць!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Воршы арыштавалі зоаабаронцу, якая ў двары тлумачыла людзям, як абыходзіцца з бадзяжнымі жывёламі