МЗС Чэхіі прапанавала падоўжыць забарону на выдачу візаў і ДНЖ беларусам

МЗС Чэхіі.

Забарона на выдачу візаў і ДНЖ для грамадзян Беларусі дзейнічае ўжо каля двух гадоў і можа стаць бестэрміновай.

Паводле чэскага выданьня Forum 24, Чэхія разглядае магчымасьць падаўжэньня забароны на выдачу візаў і дазволаў на жыхарства (ДНЖ) расейцам і беларусам. Пакуль гэтая забарона дзейнічае да 31 сакавіка 2024 году. З адпаведнай прапановай выступіла МЗС краіны.

Забарону для расейцаў Чэхія ўвяла адразу пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, у чэрвені 2022 году яе дзеяньне было падоўжанае да сакавіка 2023 году, а потым да сакавіка 2024-га. Выключэньне было зроблена для паездак з гуманітарнымі мэтамі.

Летась у сакавіку забарону распаўсюдзілі і на беларусаў, пры гэтым ня мае значэньня, ці ёсьць у іх грамадзянства іншай краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія студэнты на мітынгу ў Празе заклікалі чэскія ўлады спрасьціць выдачу пашпартоў замежнікаў. ФОТА

Паводле Forum 24, у некаторых выпадках атрыманьне візы або ДНЖ усё ж магчымае: напрыклад, калі заяўнік зьяўляецца членам сям’і грамадзяніна Чэхіі або іншай краіны Эўразьвязу або іншаземца, які мае чэскі ДНЖ.

Для беларусаў таксама захоўваецца магчымасьць атрымаць візу для навучаньня, калі яна аплачваецца стыпэндыяй з боку Чэхіі, ЭЗ ці міжнароднай арганізацыяй.

Яшчэ адно выключэньне складаюць тыя заяўнікі, чыё знаходжаньне «адпавядае інтарэсам Чэскай Рэспублікі» і гэта пацьвердзіла МЗС краіны.

  • У сакавіку 2023 году забарону на выдачу візаў беларусам спрабавала аспрэчыць Сьвятлана Ціханоўская пачас візыту ў Прагу, ёй гэта было абяцана, але неўзабаве ўлады краіны ўсё ж увялі забарону і для беларусаў.