Супраць пацыента, які напаў на брыгаду хуткай дапамогі зь сякерай, завялі крымінальную справу, паведамляе СК.
Пацярпелыя (30 і 42 гады) шпіталізаваныя. Стан мужчын ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасьці.
Сьледчымі ўстаноўлена, што падазраваны сумарна нанёс ім ня менш як 20 удараў сякерай у вобласьць галавы і твару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пацыент напаў зь сякерай на брыгаду хуткай дапамогі, два фэльчары ў бальніцы. Сталі вядомыя дэталі здарэньняПра здарэньне прэс-служба Міністэрства аховы здароўя стала вядома 10 лютага.
Адзначаецца, што двух фэльчараў шпіталізавалі ў менскую лякарню.
«У пацярпелых мэдыцынскіх работнікаў дыягнаставаныя спалучаныя траўмы. Агульны стан расцэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасьці, праводзіцца ўсё неабходнае лячэньне», — паведамляе ведамства.
Паводле крыніц парталу «Люстэрка», выклік паступіў днём у суботу, 10 лютага. Спэцыяльнай брыгадзе па перавозцы пацыентаў з псыхічнымі парушэньнямі гарадзкой станцыі хуткай мэдыцынскай дапамогі трэба было забраць 33-гадовага мужчыну, які жыве з бацькам у адным з прыватных дамоў на вуліцы Пржэвальскага. Даставіць яго трэба было ў РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках. Раней па гэтым адрасе спэцыяльныя брыгады ўжо езьдзілі, паведамляюць крыніцы.
«Прасілі бацьку: калі вы яшчэ раз будзеце выклікаць брыгаду, выклікайце міліцыю. Бо ў вас вельмі агрэсіўны сын. Але ўсім заўсёды ўсё роўна. Хаця на раёне выяжджае з брыгадай супрацоўнік міліцыі. А ў Менску ўсім як бы напляваць», — расказаў суразмоўца.
Паводле крыніц парталу, у дом зайшлі двое — 42-гадовы старшы брыгады фэльчар Сяргей Савельеў і 30-гадовы фэльчар Глеб Чарнякоў. Пацыент у гэты час ляжаў. Яго папрасілі ўстаць, ён паслухаў і пайшоў.
Пазьней Савельеў пачуў, што ззаду нешта ўпала. Павярнуўшыся, ён убачыў свайго малодшага напарніка, які ляжыць у крыві. Побач быў пацыент з сякерай. Пакуль старшы брыгады выцягваў пацярпелага калегу, мужчына біў яму па галаве сякерай. Пасьля яны хутка паехалі ў лякарню. Чарнякоў на той момант ледзь стаяў на нагах.
Падчас нападу 33-гадовы мужчына, якога мусілі даставіць у РНПЦ, парэзаў палец. Пазьней бацька пацыента выклікаў яшчэ адну брыгаду хуткай, якая прыехала ўжо зь міліцыяй.
Па словах крыніцы, у Чарнякова — аскепчасты пералом чэрапа. У яго старэйшага таварыша таксама пералом касьцей чэрапа. Службовая машына хуткай дапамогі была ў крыві і там былі відаць акрываўленыя аскепкі. Стан абодвух пацярпелых сярэдняй ступені цяжкасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заўсёды пыталіся: „Вы платнік ці бясплатнік?“ Хоць дактары, абсталяваньне адны і тыя ж». Як рэабілітавацца пасьля COVID-19