10 лютага ў Варшаве ў Музэі вольнай Беларусі адбыўся сход сяброў аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», паведамілі яго арганізатары.
Яны заявілі, што прынялі рашэньне аб выключэньні з партыі сустаршыняў Віталя Рымашэўскага, Вольгу Кавалькову, Дзяніса Садоўскага, а таксама кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава.
З праграмнымі прамовамі на гэтым сходзе выступілі кіраўнік варшаўскай суполкі БХД Яўген Дудкін і сустаршыня Партыі БХД Георгі Дзьмітрук.
Паведамляецца, што на сходзе былі прынятыя рашэньні:
- аб прызнаньні Паўла Севярынца адзіным лідэрам Партыі БХД;
- аб захаваньні сустаршынства ў Партыі; сустаршынямі застаюцца Павал Севярынец і Георгі Дзьмітрук;
- аб выключэньні з партыі БХД былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага і Вольгі Кавальковай, былога адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага, а таксама былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава;
- аб падтрымцы эўраінтэграцыі Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO;
- аб прызнаньні Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй з боку Расейскай Фэдэрацыі.
- аб вылучэньні сьпісу кандыдатаў на маючыя адбыцца выбары ў Каардынацыйную раду.
Частка актыву БХД адмежавалася
Сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі адмежаваўся ад гэтага зьезду і заявіў:
«9 лютага былы сустаршыня БХД Георгі Дзьмітрук правёў сход сваёй ініцыятывы. З рэальных вэрыфікаваных былых сяброў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на сходзе прысутнічалі ня больш за пяць чалавек. Пры гэтым Георгі Дзьмітрук сьвядома ўводзіць у зман беларускія СМІ, выдаючы дзейнасьць сваёй прыватнай ініцыятывы за працу аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».
Садоўскі адзначае, што «ніякай колькі-нібудзь значнай дзейнасьці Георгі Дзьмітрук за апошнія больш як 10 гадоў у БХД не праводзіў. Большасьць яго актыўнасьці за мяжой, пачынаючы з 2020 году, зводзіцца да нападаў на дзейных сябраў БХД, галаслоўных абвінавачаньняў і правакацый.
Садоўскі заявіў, што дзейнасьць Дзьмітрука ніяк не зьвязаная з працай аргкамітэта партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і што ягоныя прыватныя замежныя ініцыятывы ня маюць сваіх прадстаўнікоў у Беларусі.
Пры гэтым Садоўскі паведаміў пра тое, што аргкамітэт БХД працягвае сваю дзейнасьць, у тым ліку ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя можа прапанаваць «Яся Гаспадара», віртуальнага кандыдата ў дэпутаты