«Мы ўжо неаднаразова абвяргалі такія заявы адносна лекаў, аднак гэты прапагандысцкі тэзіс працягвае набіраць абароты і выходзіць на міжнародны ўзровень», — сказаў Павал Латушка.
Пры гэтым многія кампаніі, сярод іх ёсьць і фармакалягічныя, з уласнай ініцыятывы адмаўляюцца ад супрацоўніцтва зь Менскам, растлумачыў палітык.
«Але прычынай гэтага зьяўляюцца не эканамічныя санкцыі, а таксычнасьць рэжыму Лукашэнкі, зь якім міжнародны бізнэс ня хоча мець справаў з-за масавых рэпрэсій, дзеяньняў рэжыму, якія падрываюць міжнародную бясьпеку, такіх як захоп грамадзянскага самалёта, справакаваны рэжымам мігранцкі крызіс, але галоўным чынам — з-за ўдзелу рэжыму ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў экс-дыплямат.
Паводле зьвестак Эўрастату, на якія ён спаслаўся, Беларусь за апошнія 8 гадоў штогод павялічвае закупкі эўрапейскай фармацэўтычнай прадукцыі:
«Такім чынам, нават нібыта ва ўмовах аднабаковых санкцый, на якія спрабуюць скардзіцца нелегітымныя прадстаўнікі Беларусі ў ААН, імпарт лекаў пастаянна расьце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паскардзілася Сусьветнай арганізацыі здароўя на спыненьне паставак важных лекаў і абвінаваціла ў гэтым краіны ЗахадуБеларусь абвінавачвае краіны Захаду ў палітычным характары спыненьня паставак важных мэдыкамэнтаў, вынікае з выступленьня начальніка аддзелу зьнешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Анатоля Грушкоўскага 24 студзеня ў Жэнэве на пасяджэньні 154-й сэсіі Выканкаму ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя.
Паводле словаў чыноўніка, Дзяржаўнае агенцтва па рэгуляваньні лекаў і прадукцыі аховы здароўя Вялікай Брытаніі зацягвала працэдуру выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну. Акрамя таго, Грушкоўскі абвінаваціў швэдзкую кампанію Molnlycke Health Care у адмове пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы, неабходныя для паліятыўнага лячэньня дзяцей. Польская кампанія Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S.A., сказаў ён, адмовілася пастаўляць лекі для лячэньня эпілепсіі і саматычных захворваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масава звальняў лекараў з «Навінак», бацька мае бізнэс у Расеі. Што вядома пра новага міністра аховы здароўя ХаджаеваБрытанская кампанія Atnahs Pharma UK Limited, паводле яго слоў, спыніла экспартаваць на беларускі рынак прэпараты для лячэньня астэапарозу, а фінская Orion Corporation — для лячэньня хваробы Паркінсана і розных формаў раку.
Пры гэтым у студзені прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што дзяржаве нібыта ўдалося пераадолець наступствы заходніх санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму лекі ў Беларусі оптам даражэйшыя, чым у Расеі ўраздроб — расьсьледаваньне БРЦ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» запусьціла дастаўку лекаў з інтэрнэт-аптэкСанкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».