Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сваю чаргу заявіў, што амэрыканскі Кангрэс будзе вінаваты ў «амаль злачыннай халатнасьці», калі не ўхваліць дадатковае фінансаваньне Ўкраіны.
Байдэн прыняў Шольца ў Белым доме ўвечары 9 лютага. Размова працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін, што незвычайна для гутарак Байдэна, адзначаюць нямецкія камэнтатары. Ня ўсім амэрыканскі лідэр надае столькі часу. Назіральнікі адзначаюць, што Шольц прыбыў у ЗША па асаблівым запрашэньні Байдэна. На іх думку, прэзыдэнт ЗША надаў канцлеру ФРГ асаблівую ўвагу з намерам паказаць амэрыканскім палітыкам важнасьць падтрымкі Ўкраіны. Гэта стала галоўнай тэмай перамоваў двух лідэраў. Абмяркоўвалася таксама сытуацыя на Блізкім Усходзе.
Шольц падкрэсьліў падчас сустрэчы з Байдэнам, што Ўладзімір Пуцін распаўсюджвае хлусьню аб гістарычных перадумовах поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, перасьледуючы свае імпэрыялістычныя мэты.
У прыватнасьці, Шольц жорстка скрытыкаваў Пуціна за яго выказваньні ў інтэрвію амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану. Канцлер назваў размову «сьмешнай» і адзначыў, што расейскі прэзыдэнт «127 хвілін толькі зьдзекаваўся з таго, што насамрэч Расея ўчыніла ва Ўкраіне, і расказваў абсалютна абсурдную гісторыю аб прычынах гэтай вайны». Па словах Шольца, Пуцін мае на мэце захопу часткі Ўкраіны. «Усе гісторыі, якія ён распавядае на гэты конт, не зьмяняюць таго факта, што менавіта гэта і ёсьць мэта яго імпэрыялісцкіх памкненьняў», — адзначыў канцлер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекцыя, падобная да інтэрвію. Пра што не сказаў ПуцінПерад візытам у Вашынгтон у артыкуле для Wall Street Journal канцлер заявіў, што перамога Расеі ва Ўкраіне была б небясьпекай для ўсіх краін. «Захад павінен працягваць дапамогу Ўкраіне, трымаць НАТА згуртаваным і зьвесьці на нішто спробу Пуціна нас раскалоць», — напісаў германскі лідэр.
Олаф Шольц адзначыў у Вашынгтоне, што Пуцін разьлічвае на аслабленьне падтрымкі Ўкраіны заходнімі саюзьнікамі. «Калі мы ясна пакажам, што гэта памылковы разьлік, гэта будзе найлепшым укладам на шляху да міру», — падкрэсьліў канцлер. Паводле яго слоў, вайна можа скончыцца ў любы момант, аднак не за кошт таго, што Ўкраіна капітулюе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына ўхваліла пастаўку 178 танкаў тыпу «Леапард 1» УкраінеКанцлер падкрэсьліў, што ад дапамогі ЗША немагчыма адмовіцца. «Без укладу ЗША сытуацыя ва Ўкраіне была б вельмі і вельмі складанай», — заявіў Шольц. Нямецкія камэнтатары ў сувязі з гэтым адзначаюць, што канцлер ясна даў зразумець: калі Вашынгтон спыніць пастаўкі ўзбраеньняў, Украіна прайграе вайну.
Перад размовай з Байдэнам Шольц сустрэўся з васьмю высокапастаўленымі сэнатарамі. Пасьля сумеснай вячэры канцлер падкрэсьліў: амэрыканскія палітыкі зыходзяць з таго, што Кангрэс прагаласуе за дапамогу Украіне. Шольц адзначыў, што Германія ўнесла сур’ёзны ўклад у падтрымку Ўкраіны, і нагадаў аб тым, што ЭЗ нядаўна прыняў рашэньне аб маштабнай фінансавай падтрымцы Кіева.
Пасьля візыту не было супольнай прэс-канфэрэнцыі. Нямецкі бок заявіў, што гэта было зьвязана з жаданьнем Байдэна надаць як мага больш часу асабістай гутарцы з канцлерам ФРГ. Шольц, адказваючы на пытаньні журналістаў, падкрэсьліў упэўненасьць, што амэрыканскі Кангрэс у рэшце прыме рашэньне аб падтрымцы Ўкраіны. На пытаньне, зададзенае амэрыканскім журналістам пасьля прэс-канфэрэнцыі, ці возьме Нямеччына на сябе вядучую ролю ў падтрымцы Ўкраіны, калі ЗША адмовяцца ад гэтага, Шольц не адказаў.
Нямецкія камэнтатары лічаць, што візыт канцлера быў накіраваны таксама на падтрымку прэзыдэнта Байдэна ў цяжкі для яго час выбарчай кампаніі ў ЗША. Назіральнікі мяркуюць, што падчас размовы абодва лідэры абмяркоўвалі сытуацыю пры магчымым прыходзе да ўлады Дональда Трампа.
Германія і ЗША застаюцца найважнейшымі пастаўшчыкамі зброі ва Ўкраіну. Па словах Шольца, Нямеччына паставіла і мае намер паставіць узбраеньні на суму 30 млрд эўра. Па інфармацыі Вашынгтона, сума ваеннай дапамогі ЗША складае 44 млрд даляраў. Незадоўга да візыту Шольца ў ЗША ЭЗ ухваліў пастаўкі зброі на суму 50 млрд эўра. У цэлым краіны ЭЗ аказалі Ўкраіне вайсковую дапамогу на 91 млрд эўра.
Кангрэс ЗША пакуль не ўхваліў запыт адміністрацыі аб выдзяленьні на дапамогу Ўкраіне, у тым ліку пастаўкі зброі, 61 мільярда долараў. Галоўная прычына гэтага — рознагалосьсі паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі па пытаньнях, наўпрост з Украінай не зьвязаным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The New York Times: боепрыпасы для СПА Украіны могуць скончыцца ўжо ў сакавіку