Фэрмэры ўжо некалькі тыдняў патрабуюць прыняць меры па барацьбе зь «несумленнай канкурэнцыяй» з боку краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Аграрыі скардзяцца, што «зялёны курс» ЭЗ, які прадугледжвае абмежаванае выкарыстаньне хімікатаў і скарачэньне выкідаў парніковых газаў, робіць іх прадукцыю даражэйшай, чым, напрыклад, з Украіны. Праз гэта эўрапейскія сельскагаспадарчыя тавары купляюць менш — адпаведна, прыбытак фэрмэраў скарачаецца.
У Польшчы тысячы трактароў праехалі па ўсёй краіне, блякуючы асноўныя дарогі і памежныя пункты з Украінай. У горадзе Познань пратэстоўцы запалілі паходні і паставілі труну, якая сымбалізуе сьмерць польскай сельскай гаспадаркі, і тачку з гноем, у якую ўторкнулі сьцяг ЭЗ.
Прадстаўнікі польскіх уладаў заклікалі міністра сельскай гаспадаркі Польшчы падаць у адстаўку. У адказ ён заявіў, што «дзейнічаць пад ціскам ня будзе».
У Італіі трактары рушылі ў Рым і праехалі па гістарычным цэнтры побач з Калізеем у суправаджэньні паліцыі.
У Гішпаніі трактары занялі некалькі гарадзкіх вуліц і прыгарадных дарог. Фэрмэры абяцалі пратэставаць усю ноч, а адна з груп заклікала аграрыяў ехаць у Мадрыд, каб правесьці там акцыю ў суботу. У ходзе гішпанскіх дэманстрацый затрымалі 20 чалавек.
Эўракамісія ўжо пайшла фэрмэрам на саступкі: у прыватнасьці, адклала пляны па двухразовым скарачэньні выкарыстаньня пэстыцыдаў і іншых небясьпечных рэчываў. Шэраг мераў па падтрымцы аграрыяў прынялі і нацыянальныя ўрады. Аднак пратэсты гэта не спыніла. Чакаецца, што ў бліжэйшыя тыдні яны працягнуцца.