«Грамадзянін Беларусі растлумачыў, што набыў травяную гарбату на тэрыторыі Літвы. Рэчыва канфіскавана для правядзеньня экспэртызы, праводзіцца далейшае разьбіральніцтва», — паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт і публікуе відэа затрыманьня.
«Я ж у прадуктовай краме купіў», — камэнтуе беларус і са сьмехам адзначае, што яму «казалі, што будуць пытаньні».
Памежны камітэт нагадвае, што «за незаконнае перамяшчэньне празь мяжу наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў» прадугледжаная крымінальная адказнасьць — да 4 гадоў абмежаваньня ці ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Гэта ўжо другі выпадак затрыманьня за гарбату зь Літвы за апошнія два дні. 9 лютага Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз паведаміў пра падобны інцыдэнт у пункце пропуску «Каменны лог». Там спынілі грамадзяніна Літвы, які вёз у Беларусь гарбату з марыхуанай у завадзкой упакоўцы.
У шэрагу эўрапейскіх краін афіцыйна дазволены продаж гарбаты, шакаляду, алькаголю і іншых прадуктаў з канабісам, але іх увоз на тэрыторыю ЭАЭС забаронены, таму пры набыцьці падобных сувэніраў за мяжой варта зьвяртаць увагу на склад прадукту і малюнак на ўпакоўцы, нагадваюць у Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў- У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў.
- Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, паколькі не падзяляе рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў і дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.
- Паводле праваабаронцаў, затрыманых паводле артыкулу 328 нярэдка катуюць і б’юць апэратыўныя работнікі, каб атрымаць прызнальныя паказаньні, паролі ад тэлефонаў ці любой іншай інфармацыі для афармленьня складу злачынства. У некаторых выпадках такое стаўленьне сілавых органаў прывяло да суіцыду асуджаных.
- Праваабаронцы і экспэрты кажуць, што ў калёніях для асуджаных паводле 328-га артыкулу ствараюць «асаблівыя» умовы — іх утрымліваюць у асобных атрадах і нашываюць зялёныя біркі. На іх часьцей афармляюць парушэньні рэжыму і пазбаўляюць спатканьняў і званкоў, залучаюць да неаплатнай працы ў шкодных для здароўя ўмовах, у выніку чаго разьвіваюцца хранічныя захворваньні і іншыя ўскладненьні.