Ён атрымаў 92,12% галасоў выбарнікаў, як паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія пасьля прапрацоўкі 100% бюлетэняў.Па дадзеных ЦВК Азэрбайджана, за Аліева прагаласавалі 4 млн 577 тыс. 693 выбарнікі.
Па выніках галасаваньня Захід Арудж набірае 2,17% (107 877 галасоў), Фазіль Мустафа — 1,98% (98 623 галасы), Гудрат Гасангуліеў — 1,72% (85 607 галасоў), Разі Нурулаеў — 0,8% (39 727).
Пазачарговыя выбары прэзыдэнта прайшлі ў Азэрбайджане 7 лютага.Назіральнікі раскрытыкавалі выбары як несвабодныя і несправядлівыя на фоне падаўленьня незалежных СМІ і адсутнасьці рэальнай апазыцыі.
Прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане не павінны былі адбыцца раней за 2025 год, але Аліеў абвясьціў аб правядзеньні датэрміновага галасаваньня пасьля вяртаньня Баку кантролю над Нагорным Карабахам.Аліеў кіруе Азэрбайджанам з 2003 году.
Апазыцыя байкатавала выбары
Апазыцыйныя партыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах прэзыдэнта Азэрбайджана. Апанэнты Аліева на выбарах, — гэта праўладныя палітыкі, якія засядаюць у парлямэнце і ніколі не крытыкавалі прэзыдэнта. На дэбатах яны, наадварот, яго хвалілі, у тым ліку за «аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці», вяртаньне пад кантроль Нагорнага Карабаху.
Гэтую тэму актыўна выкарыстоўваў у сваёй кампаніі Аліеў, бо, на думку некаторых аналітыкаў, пасьля вайны ў яго зьявіўся палітычны капітал, які трэба было выкарыстоўваць.
Ільхам Аліеў 7 лютага прагаласаваў у горадзе Ханкендзі (арм. Сьцепанакерт) у Нагорным Карабаху. Да гэтага ён асабіста падымаў там сьцяг Азэрбайджана, а потым праводзіў ваенны парад, прымеркаваны да вяртаньня кантролю Азэрбайджана над тэрыторый самаабвешчанай рэспублікі, якая шмат у чым знаходзілася пад кантролем Армэніі.
Мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане адбыліся 11 красавіка 2018 года. Яны таксама былі нечарговымі, таму што першапачаткова яны павінны былі прайсьці ў кастрычніку 2018 года, але Аліеў перанёс выбары на некалькі месяцаў наперад.
Аліеў займае пасаду прэзыдэнта з 2003 года, чатыры тэрміны запар, цяпер ужо пяты раз, ён заступіў на пасаду пасьля хворага бацькі — Гейдара Аліева, і з таго часу ён заўсёды перамагаў на прэзыдэнцкіх выбарах (у 2003, 2008, 2013 і 2018 гадах).