Навіны палітвязьняў: Пачобута змясьцілі ў штрафны ізалятар, яму 8 месяцаў не дазваляюць спатканьняў і перадач

Анджэй Пачобут у судзе. 2023

Па стане на 11 лістапада ў Беларусі 1475 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў калёніі Анджэя Пачобута стала вядома з допісу ў Facebook жонкі палітзьняволенага журналіста Аксаны Пачобут.

«Сёньня роўна год, як агучылі прысуд на 8 гадоў зьняволеньня для Анджэя. З тае пары, як ён паехаў адбываць пакараньне ў наваполацкую калёнію, у яго не было ніводнага спатканьня, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, практычна ўвесь час зьняволеньня ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку Анджэя Пачобута трымалі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).

МЗС Польшчы назваў вызваленьне Пачобута сваім прыярытэтам

У гадавіну прысуду Пачобуту Міністэрства замежных спраў Польшчы апублікавала заяву, у якой выказала «рашучыя пярэчаньні супраць выкарыстаньня палякаў у Беларусі ў якасьці закладнікаў менскіх уладаў», чарговы раз заклікала рэжым Лукашэнкі «паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненьні ў частцы абароны правоў нацыянальных меншасьцяў» і назвала вызваленьне Анджэя Пачобута «прыярытэтам» сваёй дзейнасьці.

«Пачобут стаў сымбалем беспрэцэдэнтных рэпрэсій, а таксама барацьбы за права культываваць традыцыі продкаў, вывучаць польскую мову, абараняць памятныя месцы і берагчы агульную справу, гістарычную спадчыну Польшчы і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе
  • Анджэя Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 году ў Горадні.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га яго абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце».
  • У 2023-м вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2300 паштовак са словамі падтрымкі: у Польшчы ладзяць акцыю салідарнасьці з Анджэем Пачобутам