Дзейны прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах набірае 92,05 працэнта галасоў пасьля апрацоўкі 93,35 працэнта бюлетэняў, паведаміў старшыня Цэнтрвыбаркама краіны Мазахір Панахаў.
Паводле яго, беспартыйны кандыдат Захід Арудж набірае 2,19% галасоў, Фазіль Мустафа (партыя «Вялікае стварэньне») — 2%, Гудрат Гасангуліеў («Адзіны народны фронт Азэрбайджана») — 1,76%, Разі Нурулаеў («Нацыянальны фронт») — 0,8%.
Па словах Мазахіра Панахава, у выбарах прынялі ўдзел 4 мільёны 971 тысяча выбарнікаў, а ўзровень яўкі склаў 76,73 працэнта.
Аліева ўжо павіншавалі зь перамогай на выбарах прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, кіраўнік КНР Сі Цзіньпін, прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, прэзыдэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, Аляксандар Лукашэнка і прэм’ер-міністар Вэнгрыі Віктар Орбан.
Апазыцыйныя партыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах прэзыдэнта Азэрбайджана. Апанэнты Аліева на выбарах, — гэта праўладныя палітыкі, якія засядаюць у парлямэнце і ніколі не крытыкавалі прэзыдэнта. На дэбатах яны, наадварот, яго хвалілі, у тым ліку за „аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці“, вяртаньне пад кантроль Нагорнага Карабаху.
Гэтую тэму актыўна выкарыстоўваў у сваёй кампаніі Аліеў, бо, на думку некаторых аналітыкаў, пасьля вайны ў яго зьявіўся палітычны капітал, які трэба было выкарыстоўваць.
Ільхам Аліеў 7 лютага прагаласаваў у горадзе Ханкендзі (арм. Сьцепанакерт) у Нагорным Карабаху. Да гэтага ён асабіста падымаў там сьцяг Азэрбайджана, а потым праводзіў ваенны парад, прымеркаваны да вяртаньня кантролю Азэрбайджана над тэрыторый самаабвешчанай рэспублікі, якая шмат у чым знаходзілася пад кантролем Армэніі.
Мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане адбыліся 11 красавіка 2018 года. Яны таксама былі нечарговымі, таму што першапачаткова яны павінны былі прайсьці ў кастрычніку 2018 года, але Аліеў перанёс выбары на некалькі месяцаў наперад.
Аліеў займае пасаду прэзыдэнта з 2003 года, чатыры тэрміны запар, ён заступіў на пасаду пасьля хворага бацькі — Гейдара Аліева, і з таго часу ён заўсёды перамагаў на прэзыдэнцкіх выбарах (у 2003, 2008, 2013 і 2018 гадах).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Азэрбайджане датэрміновыя выбары прэзыдэнта. Ільхам Аліеў, які балятуецца пяты раз, прагаласаваў у Нагорным Карабаху