Жыхары расейскай Удмуртыі паведамілі пра магутны выбух у раёне вайсковага палігону

Удмуртыя, ілюстрацыйнае фота

Ёсьць пэўная інфармацыя, што на Воткінскім машынабудаўнічым заводзе праводзілі выпрабаваньні. Побач знаходзіцца ядзерны палігон.

Жыхары гораду Воткінск ва Ўдмуртыі ўвечары ў сераду паведамілі аб магутным выбуху непадалёк ад гораду. Яны выклалі ў сеціва свае відэа, на якім высокае полымя, што ўзьнікла пасьля выбуху.

У некаторых тэлеграм-каналах зьявіліся паведамленьні, што выбух выкліканы тэхнічнымі работамі на Воткінскім машынабудаўнічым заводзе. Там спасылаюцца на рэгіянальную службу МНС. У афіцыйным канале МНС па Ўдмуртыі на момант публікацыі навіны такіх тлумачэньняў, аднак, не было, адзначае расейская служба Свабоды.

Тэлеграм-канал «База» са спасылкай на крыніцу паведамляе, што прычынай выбуху сталі нейкія выпрабаваньні на Воткінскім заводзе. У Адзінай дыспэтчарскай службе Заўялаўскага раёну Ўдмуртыі ТАСС паведамілі, што выбух адбыўся падчас плянавых выпрабаваньняў ракетных рухавікоў.

Падрабязнасьцяў з афіцыйных крыніц і зьвестак аб пацярпелых пакуль няма.

Воткінскі завод разьмяшчаецца за 50 кілямэтраў ад сталіцы Ўдмуртыі Іжэўску. Ён выпускае артылерыйскія ракеты, у тым ліку балістычныя ракеты стратэгічнага прызначэньня для комплексаў «Тополь-М» і «Іскандэр».

У канцы 2023 году Воткінскі завод апублікаваў 19 дзяржкантрактаў на вытворчасьць складнікаў да ядзерных узбраеньняў. Пры заводзе дзейнічае выпрабавальны палігон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што не плянуюць разьмяшчаць ядзерную зброю ў іншых краінах, апроч Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Захадзе няма адзінства ў разуменьні таго, наколькі сур’ёзнай пагрозай зьяўляецца пуцінская Расея, — аналітык Ніжнікаў