«Ня трэба будаваць жалезную заслону». Ціханоўская супраць закрыцьця Літвой памежных пераходаў зь Беларусьсю

Памежны пераход паміж Літвой і Беларусьсю

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала BNS прапанову літоўскага Камітэту па нацыянальнай бясьпецы зачыніць яшчэ два памежныя пераходы. Яна заявіла, што разумее асьцярогі службаў бясьпекі Літвы, але закрыцьцё пагранпераходаў для пасажыраў лічыць лячэньнем сымптомаў, а не пазбаўленьнем прычынаў.

«Закрыцьцё пагранпераходаў ударыць найперш па беларусах, якія ў большасьці супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну. Ня трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграе толькі Лукашэнка і Пуцін», — лічыць Ціханоўская.

Яна назвала мяжу зь Літвой адзінай сувязьзю для беларусаў са свабодным сьветам, а для некаторых — адзінай магчымасьцю выратавацца ад рэпрэсій.

«Канечне, сярод тых, хто прыяжджае, могуць быць і памагатыя рэжыму. Давайце іх выяўляць. І многія беларускія ініцыятывы ўжо самастойна гэта робяць, як у выпадку з Маціевічам, і дзеляцца зьвесткамі зь літоўскім бокам. Можна перагледзець сыстэму праверак, і мы гатовыя ў гэтым дапамагаць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі восем нелегальных мігрантаў

На яе думку, ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Яна прапануе абмяжоўваць грузаперавозкі, і ў першую чаргу патокі падсанкцыйных тавараў.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас 6 лютага паведаміў пра ініцыятыву з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — «Райгорад» і «Лаварышкі».

Канчаткова гэтую прапанову мае зацьвердзіць урад. Калі ён падтрымае гэтую ініцыятыву, на мяжы зь Беларусьсю адкрытымі застануцца толькі два з ранейшых шасьці памежных пунктаў — «Меднікі» і «Салечнікі».

18 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск/Лоша і Відзы/Цьверач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дыскрэдытавалі працу грамадзкага транспарту»: у Гомлі затрымалі адміністратараў «транспартнага» чату