Паведамляецца, што ў чаце публікавалі «забароненыя экстрэмісцкія матэрыялы і арганізоўвалася накіраваньне напісаных пад капірку спам-скаргаў у арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць пасажырскія перавозкі ў Гомлі». Гомельскія прапагандысты заявілі, што ў чаце «дыскрэдытавалі працу грамадзкага транспарту».
Мяркуючы па відэа, апублікаваным у набліжаным да сілавікоў тэлеграм-канале, затрымалі сама меней трох чалавек.
У «пакаяльным» відэа адзін з затрыманых, які прадставіўся адміністратарам тэлеграм-чата, кажа, што чат стварылі на пачатку 2021 году для «абмеркаваньня працы грамадзкага транспарту Гомля, яго арганізацыі, праблематыкі». У чаце, паводле яго, было «каля 125 чалавек». Таксама мужчына кажа, што нейкія карыстальнікі разьмясьцілі ў ім спасылкі на артыкулы, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.
Яшчэ адзін мужчына на відэа кажа, што пасьля таго, як іх чат уключылі ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, чат «ліквідавалі».
2 лютага суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тры «транспартныя» тэлеграм-каналы і чаты:
- «Общественный транспорт Гомеля» (Чат аматараў грамадзкага транспарту Гомля);
- «Транспорт ВY» (праект IBA Group з раскладам і маршрутамі аўтобусаў па ўсёй краіне, мае больш за 500 тысяч спампоўваньняў у Google Play);
- «Гомельский транспорт» (у ім публікавалі інфармацыю пра ўсе зьмены ў працы грамадзкага транспарту Гомля).
Як адзначала выданьне «Флагшток», частку з гэтых чатаў вядуць дзяржаўныя ці набліжаныя да дзяржавы структуры, ва ўсіх гэтых каналах і чатах абмяркоўваюць толькі транспартныя пытаньні, палітычныя тэмы там не закраналіся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 лютага: трансгендэрную дзяўчыну арыштавалі на 13 дзён; масавыя затрыманьні на Гомельшчыне