У аўторак Карлсан апублікаваў відэазварот, у якім заявіў, што амэрыканцы ня ведаюць, што адбываецца ў Расеі і ва Ўкраіне, дадаўшы, што гэта няправільна. Карлсан таксама сказаў, што свабода слова — права кожнага чалавека «па нараджэньні», дадаўшы, што гэтае права ня можа быць аднята, «незалежна ад таго, хто ў Белым доме». На гэтыя словы ўжо адрэагавалі многія заходнія журналісты, у тым ліку і амэрыканскія. Яны нагадалі, што неаднаразова спрабавалі дамовіцца на гутарку з Пуціным, але ў Крамлі ім адмаўляюць. Карэспандэнт BBC Стывэн Розэнбэрг, той самы, які зрабіў вострае інтэрвію з Лукашэнкам, напісаў у Твітэры, што 4 гадзіны чакаў магчымасьці задаць пытаньні на апошняй прэс-канфэрэнцыі Пуціна, але яму не далі яе. Брытанская мэдыякарпарацыя за апошнія паўтара года зьвярталася з просьбай пра інтэрвію з Пуціным ажно чатыры разы. І кожны раз ім адмаўлялі.
Украінскія і праўкраінскія карыстальнікі сацыяльных сетак абурыліся візытам амэрыканца ў Маскву. Расказваем, хто такі Такер Карлсан.
Адзін з найлепшых вынікаў у ЗША
Яму 53 гады. Яго бацька быў дырэктарам радыёкампаніі «Голас Амэрыкі». Сваю кар’еру ў СМІ Карлсан распачаў у 1990-я гады, пішучы для кансэрватыўнага выданьня The Weekly Standard. Пасьля ён быў камэнтатарам на CNN і вёў уласную перадачу на тэлеканале MSNBC.
Ад 2009 году Такер Карлсан быў зьвязаны з кансэрватыўным тэлеканалам Fox News, які падтрымлівае Рэспубліканскую партыю. У 2016 годзе ён пачаў весьці ўласную праграму, у якой камэнтаваў палітычныя падзеі. Кожны дзень праграму Карлсана глядзелі ў сярэднім 3 мільёны гледачоў, рэкорд сягаў нават 4 млн. Гэта адзін з найлепшых вынікаў у ЗША. Для параўнаньня, на канале MSNBC ягоная аўдыторыя складала трошкі больш за 1 млн, а ў CNN — паўмільёна.
Ягоныя праграмы ахвотна дэманструе расейская тэлевізія
- У сваіх праграмах Карлсан неаднаразова агучваў расейскія фэйкі пра ўкраінскія «біялябараторыі», паўтараў расейскія апраўданьні вайны і называў прэзыдэнта Ўкраіны «дыктатарам», «альфонсам». Заяўляў, што Амэрыка не павінна падтрымліваць Украіну, бо тая — недэмакратычная дзяржава. Ягоныя праграмы ахвотна дэманструе расейская тэлевізія.
- Акрамя таго, Карлсан неаднаразова агучваў у сваіх этэрах кансьпіралягічныя тэорыі, зьвязаныя з COVID-19, а таксама з нападам на Капітолій.
- Сьцьвярджаў, што белых мужчын у краінах Захаду наўмысна замяняюць на мужчын іншых расаў.
- Карлсан рэкамэндаваў мужчынам загараць голымі. На яго думку, гэта павышае тэстастэрон, павышае прагу да змаганьня і патрыятызму.
- Карлсан абвінавачваў геяў у тым, што яны мужчын фэмінізуюць, а жанчын — што «кастрыруюць мэнтальна».
- Падчас інтэрвію з Іланам Маскам Карлсан сьцьвярджаў, што кантрацэптывы адказныя за тое, што ў мужчын зьмяншаецца жаданьне працягваць свой род.
- Здаралася, што пасьля расісцкіх, антыімігранцкіх і сэксісцкіх заяваў Такера Карлсана рэклямадаўцы адмаўляліся ад паслуг Fox News. Карлсан публічна падтрымліваў Дональда Трампа, захапляўся вугорскім прэм’ерам Віктарам Орбанам, сустракаўся зь ім у Будапэшце.
Звальненьне з Fox News
У чэрвені 2023 году ў этэры тэлеканалу адбыўся апошні паказ перадачы Карлсана. Зорны тэлевядоўца Fox News сышоў літаральна праз пару дзён пасьля таго, як кіраўніцтва каналу пагадзілася выплаціць больш за 750 млн даляраў кампаніі Dominion Voting Systems. Гэта адна з найбуйнейшых кампаній у ЗША, якія абслугоўваюць амэрыканскія выбары. Фірма падала ў суд на Fox News, бо супрацоўнікі каналу абвінавачвалі сыстэму Dominion у фальсыфікацыі выбараў, на якіх прайграў Дональд Трамп. Фірма дамагалася ад каналу 1,6 млрд. Па амэрыканскіх законах у рамках працэсу юрысты атрымалі права пабачыць унутраную дакумэнтацыю, перапіску, SMS і г. д.
Як відаць з дакумэнтаў і ўнутранай перапіскі, супрацоўнікі каналу выдатна ведалі, што ніхто выбары не фальсыфікаваў. Яны проста вырашылі казаць адваротнае, каб захаваць папулярнасьць у кансэрватыўнага гледача. Пра гэта яны шмат разоў казалі самі, і гэта засьведчана ў апублікаваных дакумэнтах.
Адна зь перапісак тычыцца акурат Такера Карлсана. У ёй Карлсан крытыкуе Трампа і піша, што «ён выдатна ўмее толькі зьнішчаць. У гэтым ён бясспрэчны чэмпіён сьвету». Праз пару месяцаў Карлсан піша: «Мы ўжо вельмі блізкія да таго, каб неўзабаве ігнараваць Трампа ў большасьці эфірнага часу».
Больш як у 100 выпусках сваёй перадачы расказваў, што выбары ў ЗША былі сфальсыфікаваныя
У іншым паведамленьні ён дадае: «Як жа я яго ненавіджу». На другі дзень пасьля атакі на Капітолій вядоўца пісаў: «Трамп — гэта дэманічная сіла, зьнішчальнік, але нас (Fox. — РС) ён ня зьнішчыць». У эфіры ж Карлсан называў напад «звычайнай экскурсіяй», а Трампа — «фантастычным прэзыдэнтам», у якога «скралі перамогу». У 2021 годзе, як падлічыла New York Times, Такер Карлсан больш як у 100 выпусках сваёй перадачы расказваў, што выбары сфальсыфікаваныя.
У той жа час ён пісаў у лісьце да іншай вядоўцы каналу пра ініцыятыву Трампа наконт «скрадзеных выбараў»: «Усё гэта вар’яцтва, а ягоная юрыстка нічога ня можа даказаць, яна даводзіць усіх, у тым ліку мяне, да шалу». Гаворка пра юрыстку Сідні Паўэл. Яна прасоўвала тэзіс пра фальсыфікацыю выбараў. Сама яна заявіла, што даведалася пра гэта ад жанчыны, якая можа падарожнічаць у часе. Менавіта са спасылкай на яе Сідні Паўэл выступала ў этэры Fox News. Карлсан у тыя дні пісаў прадусару, што яе расповед — «поўны абсурд». Але ў той жа дзень ён паўтараў яе тэзісы, што «выбары скрадзеныя»: «Пакуль мы ня ведаем, колькі дакладна галасоў скрадзена, але мы даведаемся».
«Аб’ектыўная журналістыка злуе гледачоў»
Калі пазьней адна зь вядоўцаў паставіла пад сумнеў абвінавачаньні Трампа, то Карлсан напісаў начальству, што «яе трэба звольніць, бо яна шкодзіць кампаніі, цэны акцыяў падаюць». Юрысты атрымалі перапіску таксама двух іншых вядоўцаў Fox News, якія скардзіліся адзін аднаму, што «аб’ектыўная журналістыка злуе гледачоў».
Падчас суду тэлекампанія не адмаўляла гэтых супярэчнасьцяў. Яна спасылалася на тое, што ў ЗША ёсьць свабода рэлігіі і свабода слова. Тым ня менш юрыстам кампаніі Dominion удалося атрымаць ад каналу больш за паўмільярда даляраў. А Такер Карлсан неўзабаве пакінуў тэлеканал.
Пасьля адстаўкі з Fox News ён завёў уласнае шоў. Карлсан публікуе яго на сваім сайце і ў сацыяльнай сетцы X. Фармат застаўся падобны да ранейшых праграмаў. Ён бярэ інтэрвію ў розных амэрыканскіх палітыкаў. Самы пасьпяховы выпуск да гэтай пары — з былым амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Пасьля інтэрвію з Пуціным Карлсан заявіў, што «яно зьменіць усё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася зь сем’ямі дыктатараў і што можа чакаць сям’ю Лукашэнкі пасьля яго адстаўкі