BelPol: зьнялі з пасады дырэктара вытворчасьці бабруйскай калёніі

Калёнія, ілюстрацыйнае фота

Такія высновы зрабіла кіраўніцтва, правёўшы на месцы службовую праверку.

Паводле інфармацыі, атрыманай ініцыятывай былых сілавікоў BelPol з папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску, дэпартамэнт выкананьня пакараньняў правёў службовую праверку калёніі.

Паводле яе вынікаў, зацьверджаных міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым, выяўлена, што генэральным дырэктарам РУП «Папраўчая калёнія N2 г. Бабруйску» (прамысловай вытворчасьці на тэрыторыі калёніі) палкоўнікам унутранай службы 49-гадовым Сяргеем Назаравым дапушчаны шэраг «парушэньняў заканадаўства ў частцы выкарыстаньня маёмасьці і сродкаў прадпрыемства».

Праверка прыйшла да высновы, што гэта пацягнула прычыненьне шкоды інтарэсам ДВП МУС у памеры 74 500 рублёў.

Як піша BelPol, Назараў адмовіўся ў добраахвотным парадку кампэнсаваць прычыненую шкоду. У сувязі з гэтым яму можа пагражаць суд і далейшае разьбіральніцтва. Вядома, што з пасады яго зьнялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра 49-гадовага начальніка аршанскай міліцыі, які памёр на працы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як элітная калёнія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»