Эўракамісія прапанавала падняць цану шэнгенскіх візаў

Шэнгенская віза

Орган Эўразьвязу плянуе пераглядзець цану на афармленьне шэнгенскіх візаў.

Згодна зь Візавым кодэксам, Эўрапейская камісія ацэньвае неабходнасьць пераглядаць памер візавых збораў раз на тры гады.

Цяпер шэнгенская віза каштуе 80 эўра для дарослых і 40 эўра для дзяцей, а для грамадзян краін, якія недастаткова супрацоўнічаюць з ЭЗ у пытаньнях рэадмісіі, — 120-160 эўра.

Пры гэтым вонкавыя пастаўшчыкі паслуг, якія зьбіраюць заявы на візы, звычайна бяруць за абслугоўваньне плату ў памеры да паловы стандартнага візавага збору, цяпер ён для беларусаў складае 35 эўра.

Эўракамісія лічыць павышэньне памераў візавага збору апраўданым, улічваючы ўзровень інфляцыі і памер сярэдняй зарплаты дзяржаўных службоўцаў у краінах Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купляць тур, па-іншаму ніяк». Расказваем, як беларусы цяпер атрымліваюць шэнгенскія візы

На падставе сваіх разьлікаў Эўракамісія прапануе павялічыць візавы збор на 12,5% і ўстанавіць наступныя цэны:

  • 90 эўра для дарослых і 45 эўра для дзяцей да 12 гадоў;
  • 135-180 эўра для грамадзян краін, якія недастаткова супрацоўнічаюць з ЭЗ у рэадмісіі.

Павышэньне не закране памер візавых збораў для краін, зь якімі заключаныя пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам трэба вярнуць шэнгенскія візы, каб яны езьдзілі ў Эўропу, а ня ў Сочы», — кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўразьвязу часткова прыняла Баўгарыю і Румынію ў Шэнгенскую зону. Такое ў гісторыі Эўразьвязу ўпершыню