Суд пастанавіў, што пасьля завяршэньня паўнамоцтваў Трамп стаў звычайным грамадзянінам з агульнадаступнымі спосабамі абароны ад крымінальнага перасьледу.
«У рамках гэтай крымінальнай справы былы прэзыдэнт Трамп стаў грамадзянінам Трампам, — цытуе рашэньне судзьдзяў „Голос Америки“. — Ніякі імунітэт выканаўчай улады, які мог абараніць яго, пакуль ён займаў пасаду прэзыдэнта, больш не абараняе яго ад гэтага абвінавачаньня».
У рашэньні калегіі з трох судзьдзяў адзначаецца, што абсалютны імунітэт паставіў бы прэзыдэнта вышэй за ўсе галіны ўлады, што небясьпечна для канстытуцыйнай сыстэмы ўлады.
Адвакаты Трампа сьцьвярджаюць, што былыя прэзыдэнты маюць права на шырокую прававую абарону і ня могуць трапіць пад крымінальны перасьлед за службовыя дзеяньні, калі толькі Палата прадстаўнікоў не абвесьціць ім імпічмэнт, а Сэнат не адхіліць іх ад пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што не вінаваты ў спробе фальсыфікацыі вынікаў выбараў у Джорджыі ў 2020 годзеАбвінавачаньні зьвязаныя з аспрэчваньнем Трампам вынікаў выбараў прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе, калі ў Джорджыі ён зь невялікім адрывам саступіў дэмакрату Джо Байдэну. У абвінаваўчым заключэньні сьцьвярджаецца, што Трамп і зьвязаныя зь ім людзі аказвалі ціск на чыноўнікаў штату з мэтай зьмяніць вынікі галасаваньня і прызначыць чальцоў калегіі выбарнікаў, якія галасавалі б за Трампа, а не за Байдэна. Гэта ўжо чацьвёртая крымінальная справа супраць Трампа.
Трамп не прызнае сябе вінаватым і абвінавачвае пракурораў у палітычна матываванай спробе нанесьці шкоду ягонай перадвыбарнай кампаніі. Палітык амаль напэўна будзе кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду ад Рэспубліканскай партыі ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд абавязаў Трампа выплаціць 83,3 мільёна даляраў па справе аб паклёпе