Указ Аляксандра Лукашэнкі, які пашырае правы вайскоўцаў, зьяўляецца «чарговым лягічным этапам стварэньня атмасфэры абсалютнага страху і дэпрэсіі ў Беларусі», такое меркаваньне выказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) у абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык.
Разам з тым, лічыць ён, «гэты і іншыя падобныя крокі Лукашэнку ніяк не дапамогуць, паколькі толькі ўзмацняюць напружаньне і крызіс у краіне».
Лукашэнка, на думку Сахашчыка, «спрабуе прадугледзець усё і запалохаць людзей па максымуме ў сувязі з электаральнымі кампаніямі ў 2024 і 2025 гадах», таму што пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га, якая выклікала маштабныя пратэсты, «больш ня верыць у спакойныя выбары».
Прадстаўнік АПК лічыць, што Лукашэнка баіцца ня толькі апазыцыі, «але і Крамля, якому сам стварыў цудоўныя ўмовы для правакацый у краіне».
Як патлумачылі зьмены ў Міністэрстве абароны
Начальнік упраўленьня інфармацыі, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Беларусі Аляксей Ціцкі заявіў, што нормы, якія датычацца магчымасьці выкарыстаньня зброі ня сталі больш жорсткімі пасьля зьменаў агульнавайсковых статутаў.
«Цяпер вайсковец можа выкарыстаць зброю, як і раней, — толькі пасьля дакладна выказанага і відавочнага папярэджаньня аб намеры яе выкарыстаць, з наданьнем дастатковага часу для выкананьня законных патрабаваньняў», — заявіў Аляксей Ціцкі.
Паводле яго, засталася норма, паводле якой вайсковец можа выкарыстаць фізычную сілу ці зброю без папярэджаньня, у тым выпадку, калі прамаруджваньне стварае непасрэдную небясьпеку для жыцьця грамадзян або можа прывесьці да іншых цяжкіх наступстваў.
«У выпадку наступстваў у выніку выкарыстаньня зброі або фізычнай сілы тэрмінова паведамляецца адпаведны орган па наглядзе для прававой ацэнкі», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўнёс у вайсковыя статуты зьмены, якія дазваляюць вайскоўцам прымяняць зброю супраць грамадзянАляксандар Лукашэнка 1 лютага падпісаў указ № 37, якім зацьвердзіў зьмены ў Статут унутранай службы Узброеных сіл. Дакумэнт апублікавалі толькі 3 лютага.
У Статут унутранай службы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спэцсродкі, баявую і спэцыяльную тэхніку пры выкананьні ўскладзеных на іх задач».
«Вайскоўцы... маюць права... прымяняць і выкарыстоўваць зброю з улікам наяўнай абстаноўкі, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэньня і асобы правапарушальніка... Аб раненьні або сьмерці грамадзяніна ў выніку прымяненьня вайскоўцам... зброі неадкладна паведамляецца адпаведны пракурор, а таксама орган папярэдняга сьледзтва. Вайсковец не нясе адказнасьці за шкоду, прычыненую ў выніку прымяненьня... зброі, калі... прымяненьне або выкарыстаньне зброі ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі агульнавайсковых статутаў», — гаворыцца ў новай рэдакцыі Статута ўнутранай службы, зацьверджанай Лукашэнкам.
Раней Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі», 6 студзеня дакумэнт быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пункт, які тычыцца ўжываньня зброі супраць жанчын і людзей з інваліднасьцю, зьмянілі. Раней ужываць зброю можна было ў парадку выключэньня, калі чыніцца ўзброены напад. У новай рэдакцыі зброю супраць жанчын, дзяцей і інвалідаў дазволілі прымяняць і ў «выпадках аказаньня імі збройнага супраціву, зьдзяйсьненьня збройнага альбо групавога нападу ці іншых дзеяньняў, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю людзей».