Першыя ўзоры пашпарта будуць гатовыя да канца сакавіка 2024 году. Пра гэта паведаміў «Белсату» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў замежных справах Валер Кавалеўскі.
Ён адзначыў, што зь першага матэрыялу можна будзе вырабіць 30 тысяч дакумэнтаў.
«Але мы іх зможам выдаваць толькі тады, калі ў нас будуць першыя прызнаньні. Толькі тады зможам прымаць заяўкі ад людзей, апрацоўваць іх і вэрыфікаваць, а потым выдаваць людзям пашпарты, каб маглі імі карыстацца», — удакладніў Валер Кавалеўскі.
Вельмі важным складнікам будзе орган выдачы, які «павінен будзе адпавядаць высокім стандартам гэтай індустрыі», а менавіта патрабаваньням бясьпекі, прававой адказнасьці, захаваньня зьвестак.
У студзені 2024 году стваральнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер расказаў, якія пэрспэктывы мае пашпарт.
«Кабінэту трэба зразумець, што ім рабіць, ці друкаваць першую пробную партыю пашпартоў. Першая партыя дастаткова вялікая — некалькі дзясяткаў тысяч. Ніхто ў меншым аб’ёме друкаваць ня будзе. Партнэры пытаюцца: „У вас дакладна будзе ня сто пашпартоў?“. Ёсьць краіны Эўразьвязу, па якіх езьдзіць Кабінэт, і ў іх пытаюцца там: „Дык вы хоць прыкладную колькасьць можаце сказаць?“. Мы сутыкаемся з тым, што ня ўмеем адказваць на такія пытаньні».
Таксама Лібер выказаў упэўненасьць у тым, што прызнаньне пашпарта на міжнародным узроўні цалкам магчымае.
«Гэта пытаньне веры і жаданьня некалькіх краін шчоўкнуць Лукашэнку з Пуціным па носе. Я ўпэўнены, што такія краіны знойдуцца. І як толькі першая ці другая краіна прызнаюць беларускі пашпарт, то знойдуцца і трэцяя, і чацьвертая. І так можна дайсьці да некалькіх дзясяткаў».
- Аб праекце«пашпарта новай Беларусі» стала вядома сёлета ў лютым. Беларускія дэмакратычныя сілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумэнт на фоне ўнясеньня паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасьць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага ў тым ліку на падставе права нараджэньня, беларусаў, асуджаных за «экстрэмізм», якія выехалі за мяжу. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» набыла моц у ліпені.
- 4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.