«Алена Ярашэвіч, каардынатар сацыяльна-гуманітарных праектаў Фонда Аляксея Талая, выказала ўдзячнасьць канцэрну „Белнафтахім“ і асабіста яго старшыні Андрэю Рыбакову, а таксама прадпрыемствам беларускай нафтахмічнай галіны за падтрымку і фінансавую дапамогу падчас рэалізацыі дабрачынных праектаў», — піша «Нафтахімія Беларусі» і зьмяшчае фота Ярашэвіч з кіраўніцтвам канцэрна — намесьнікам старшыні Віталём Малевічам і намесьнікам начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-інфармацыйнай працы Сяргеем Кузьмянковым.
Фонд Аляксея Талая стаў вядомым пасьля таго, як разгарнуў дзейнасьць у пастаўцы гуманітарнай дапамогі на акупаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны, і таксама арганізаваў адпачынак у беларускіх санаторыях тысяч украінскіх дзяцей, якіх украінскі бок лічыць незаконна перамешчанымі асобамі.
На сайце фонду акупаваныя рэгіёны называюцца «вызваленымі тэрыторыямі»; акрамя пункту збору дапамогі ў Менску, фонд у найбліжэйшы час плянуе адкрыць такія ж пункты ў абласных гарадах.
Таксама фонд зьбірае грошы на аднаўленьне сядзібы пад Барысавам, дзе плянуе пачаць рэабілітацыю дзяцей, якія пацярпелі падчас вайны. Сядзібу выкупіў для фонду невядомы бізнэсовец з Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талай хоча збудаваць пад Барысавам рэабілітацыйны цэнтар для вывезеных з Украіны дзяцейСправа супраць Талая ва Ўкраіне
Ва Ўкраіне дзейнасьць Аляксея Талая расьсьледуецца паводле дзьвюх першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны). Гэтыя крымінальныя правапарушэньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем.
Прымусовае перамяшчэньне дзяцей падпадае пад тры артыкулы Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду — генацыд у выглядзе дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва, злачынства супраць чалавечнасьці і ваеннае злачынства.
Справу расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны. Яе завялі 21 сакавіка 2022 году па фактах расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У ёй зьмяшчаюцца факты забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыюпалю і іншых гарадоў Украіны.
Дзейнасьць Талая разглядаецца як адзін зь вялікай колькасьці эпізодаў у кантэксьце супрацьпраўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і далейшую дэпартацыю ў Расею, Беларусь, а таксама прымусовага наданьня ім расейскага грамадзянства і перадачы пад апеку і ўсынаўленьне ў сем’і расейскіх грамадзян.
У сакратарыяце Ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека дадалі, што дадаткова накіравалі сьледчым матэрыялы пра больш як 2000 ідэнтыфікаваных дзяцей, якіх зь верасьня 2022-га да траўня 2023 году перавезьлі ў дзіцячы цэнтар «Дубрава» ў Менскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйныя СМІ расказалі, як у Беларусі дзяцей з акупаванай Расеяй Луганскай вобласьці вучылі бясьпецы паводзін ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У школе Горадні зладзілі «тэрміновы збор дапамогі дзецям Данбасу» для фонду Талая