Латвійскую армію забясьпечвалі прадуктамі з Расеі і Беларусі. Вайсковае кіраўніцтва хоча гэта забараніць

Адзін з падразьдзелаў арміі Латвіі. Ілюстрацыйнае фота

Міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс заявіў, што ў арміі не павінны выкарыстоўваць беларускія і расейскія прадукты.

Прадпрыемства Lanekss пастаўляла Нацыянальным узброеным сілам Латвіі гарбату з Расеі і соль зь Беларусі.

Паводле інфармацыі, якая прагучала на Латвійскай тэлевізіі, толькі ў кастрычніку 2023 году перадалі ў войска 2,6 кіляграма расейскай гарбаты і 7 кіляграмаў беларускай солі, паведаміла выданьне delfi.lv.

Намесьнік начальніка Аб’яднанага штабу арміі ў пытаньнях падтрымкі Каспарс Зданоўскіс патлумачыў, што ў дамовах канкрэтна не пазначана, што гэтую прадукцыю нельга купляць у Расеі і Беларусі, але пры працы з пастаўшчыкамі ўдалося дамовіцца, каб такія прадукты не траплялі ў вайсковыя сталовыя.

Паводле яго, рашэньне аб спыненьні супрацы з кампаніяй, якая пастаўляе прадукты з Расеі і Беларусі, павінен ухваліць суд.

Сябра праўленьня кампаніі Lanekss Ніна Сіліня адзначыла, што калі высьветлілася паходжаньне прадуктаў, яны спынілі ўсе апэрацыі з прадукцыяй, якая мела сувязі з Расеяй ці Беларусьсю. Паводле яе, таксама спынілі купляць прадукты ў Расеі і Беларусі, нягледзячы на тое, што канкрэтныя тавары не ўваходзяць у санкцыйныя сьпісы.

Міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс заявіў, што ў арміі не павінны выкарыстоўваць беларускія і расейскія прадукты.

«Тавары кантралююцца і будуць кантралявацца, а пастаўшчыкі павінны лічыцца з прававымі наступствамі за пастаўку тавараў неадпаведнага паходжаньня», — заявіў міністар абароны Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі 9 чалавек прывезьлі гепатыт А з-за мяжы, у асноўным зь Беларусі

5 лютага Цэнтар прафіляктыкі і кантролю захворваньняў Латвіі (SPKC) паведаміў, што за апошнія два тыдні ў Латвіі зарэгістравалі 9 выпадкаў гепатыту А. Усе зьвязаныя з паездкамі ў іншыя краіны, у тым ліку 6 чалавек заразіліся гепатытам А ў Беларусі, а астатнія — у Марока, Эгіпце і Занзыбары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Латвіі прыняў закон аб нацыяналізацыі «Дома Масквы» ў Рызе. Амбасада РФ назвала яго «дзяржаўным рабункам»