Апошнімі днямі жыхары Хойнікаў літаральна засыпалі чат «дыялёгу з уладай» паведамленьнямі аб бруднай вадзе ў кранах, піша выданьне «Флагшток».
Гараджане пішуць аб тым, што праблема з водазабесьпячэньнем не вырашаецца ўжо некалькі гадоў, а новы этап праблем пачаўся прыкладна месяц таму. Жыхары Хойнікаў скардзяцца на тое, што праз такую якасьць вады ў іх сапсавалася шмат белых рэчаў, якія немагчыма якасна праць.
Прычым вада брудная ўся: як гарачая, так і халодная.
У «Хойніцкім камунальніку», аднак, заявілі, што мясцовую сыстэму водазабесьпячэньня перадалі «Гомельвадаканалу». Пра замену трубаправоду пакуль няма гаворкі. У дыспэтчарскую паступіў шэраг скаргаў, камунальнікі правядуць прамываньне трубаў, але такі падыход да справы ўжо не вырашае праблем надоўга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перарэзаныя ракой. Як рамонт моста ў Мазыры стварыў праблемы для гараджанТолькі пасьля выхаду артыкулу ў незалежнай прэсе на праблемы зрэагавалі «Хойніцкія навіны».
Намесьнік старшыні райвыканкаму Анатоль Гура выказаў думку, што брудная вада цячэ з кранаў жыхароў праз замену станцыі абезжалезваньня. Старую, няякасную, выводзяць з выкарыстаньня, а ўводзяць новую. Менавіта з новай станцыяй мясцовыя ўлады зьвязваюць спадзевы, што сыстэматычныя праблемы з чысьцінёй вады ў Хойніках зьнікнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праблемы зь пітной вадой. Улады рэкамэндуюць часова не карыстацца водаправодам