Байдэн выйграў першыя афіцыйныя праймэрыз дэмакратаў у цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі

Джо Байдэн у Паўднёвай Караліне

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выйграў першыя праймэрыз Дэмакратычнай партыі ў штаце Паўднёвая Караліна. 

Паводле папярэдніх зьвестак, пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў Байдэн набраў каля 97% галасоў, апярэдзіўшы члена палаты прадстаўнікоў ад Мінэсоты Дзіна Філіпса (1,6%) і пісьменьніцу Мэрыэн Уільямсан (2%).

У выніку праймэрыз Байдэн атрымае галасы ўсіх 55 дэлегатаў — дэмакратаў штату. Перамога ў Паўднёвай Караліне прынесла дзейнаму прэзыдэнту ЗША першыя галасы выбарнікаў. У будучыні яны вызначаць кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы ад Дэмакратычнай партыі.

23 студзеня праймэрыз прайшлі ў Нью-Гэмпшыры. Там дэмакраты таксама аддалі галасы Байдэну, хаця ягонага імя ў бюлетэні не было. На праймэрыз рэспубліканцаў перамогу атрымаў былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён, верагодна, будзе асноўным супернікам Байдэна.

  • Кампанія па выбарах прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі завершыцца нацыянальным галасаваньнем 5 лістапада. Кандыдат, які пераможа, будзе прыведзены да прысягі 20 студзеня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Трамп перамаглі на праймэрыз у штаце Нью-Гэмпшыр