Два энэргаблёкі БелАЭС даюць менш за палову неабходнай Беларусі электраэнэргіі

БелАЭС

Два энэргаблёкі БелАЭС забясьпечваюць каля 40 працэнтаў патрэбнасьці Беларусі ў электраэнергіі. Пра гэта расказаў намесьнік галоўнага інжынэра па падрыхтоўцы пэрсаналу — начальнік вучэбна-трэніровачнага цэнтра РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Аляксандар Ерын.

«Усяго з моманту сынхранізацыі турбагенэратара першага энэргаблёка БелАЭС з энэргасыстэмай Беларусі выпрацавана звыш 23 млрд кВт. гадз электраэнэргіі. Два энэргаблёкі забясьпечваюць ужо каля 40 працэнтаў патрэбнасьці рэспублікі ў электраэнэргіі. Гэта выводзіць Беларусь у лік сусьветных лідэраў па долі атамнай генэрацыі ў агульным энэргабалянсе». — заявіў Аляксандр Ерын.

Паводле Белта, з уводам атамнай станцыі Беларусь поўнасьцю адмовілася ад імпарту электрычнай энэргіі. Нібыта зьніжана і залежнасьць рэспублікі ад імпартаванага прыроднага газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы дырэктар БелАЭС расказаў, што станцыя працуе на поўную магутнасьць

За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргіі 54,6% часу.

16 сьнежня 2023 году гэты блёк уключылі ў сетку пасьля чарговага плянава-папераджальнага рамонту.

Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня 2023 году.

У той жа час дагэтуль ня выбралі пляцоўку для захоўваньня радыяактыўных адкідаў зь БелАЭС.