Sony абмежавала актывацыю гульняў у Steam на тэрыторыі Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Карпарацыя Sony абмежавала актывацыю відэагульняў у найбуйнейшай анлайн-краме кампутарных гульняў Steam на тэрыторыі Беларусі і Расеі, папярэдзіў расейскі выдавец і дыстрыбутар гульняў «Бука». Такую ж інфармацыю распаўсюдзіла папулярная гульнявая інтэрнэт-крама Steampay.

«Сёньня мы атрымалі інфармацыю ад выдавецтва Sony, што актывацыя іх гульняў зараз недаступная для Steam-акаўнтаў з рэгіёнамі Расеі і Беларусі. На жаль, гэта таксама тычыцца папярэдняй замовы Horizon Forbidden West, якая зьявілася ў продажы ўчора», — паведамілі ў Steampay.

На тэрыторыі астатніх краін СНД гульня актывуецца пасьпяхова.

Таксама стала вядома, што ключы для ПК-гульняў ад Sony больш ня будуць выпускацца спэцыяльна для рынку Беларусі і Расеі.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Sony абмежавала набыцьцё сваіх гульняў для карыстальнікаў з Расеі і Беларусі, а таксама абмежавала краму PS Store на кансолях PlayStation.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі McDonald’s. Праз вайну і санкцыі зь Беларусі сышлі дзясяткі вядомых брэндаў