Дваіх ізраільцян затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце Менск: падчас праверкі памежнікі канфіскавалі ў іх мабільныя тэлефоны і, праглядаючы іх, знайшлі фатаздымкі рэзэрвістаў ЦАХАЛ, паведаміў 2 лютага ізраільскі «13 канал», а таксама іншыя ізраільскія СМІ.
Хоць на фота былі не яны, ізраільцян усё адно затрымалі.
«Мы дабраліся да пашпартнага кантролю, і там вырашылі, што нас затрымліваюць, таму што ў нас былі ізраільскія пашпарты. У нас адабралі тэлефоны, і адзін з афіцэраў праглядзеў усе фатаздымкі — пакуль не знайшоў фатаграфіі нейкіх вайскоўцаў-рэзэрвістаў. Хоць гэта былі ня мы, ён нас затрымаў», — распавёў адзін з затрыманых выданьню.
Журналіст 13-га канала Йосі Элі апублікаваў у Х відэа ягонага аповяду.
Ізраільцяне заставаліся пад вартай да таго часу, пакуль да іх не прыйшоў прадстаўнік ізраільскага консульства і не прынёс ім ежы.
З МЗС Ізраілю паведамляюць, што прадстаўнікі амбасады падтрымлівалі кантакты з арыштаванымі, а таксама зь іх знаёмымі ў Ізраілі. Дакладныя прычыны затрыманьня ўсё яшчэ не зразумелыя, але ў выніку ім адмовілі ва ўезьдзе і выслалі зь Беларусі, піша detaly.co.il.
У беларускіх афіцыйных крыніцах сытуацыю пакуль не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьбіраць зьвесткі я пачаў яшчэ за кратамі». Ізраільцянін апублікаваў расьсьледаваньне сваіх катаваньняў у менскім РУУС