Мінабароны Расеі паведаміла пра зьбіцьцё 7 дронаў. У Валгаградзе загарэўся адзін з найбуйнейшых НПЗ

Ілюстрацыйнае фота. Адзін зь бесьпілётнікаў Bayraktar TB2, якія выкарыстоўвае Ўкраіна

У Валгаградзе нафтаперапрацоўчы завод «Лукойл» загарэўся пасьля атакі бесьпілётнікамі па тэрыторыі Расеі. Пажар узьнік 3 лютага каля 5-ай раніцы па мясцовым часе. Улады сьцьвярджаюць, што дрон зьбілі.

Як паведаміла валгаградзкае МНС, нафтапрадукты гарэлі на плошчы 300 квадратных мэтраў. Па словах губэрнатара Валгаградзкай вобласьці Андрэя Бачарова, прычынай узгараньня сталі абломкі зьбітага дрона. «Ахвяраў няма», — заявіў Бачароў. Да 8-ай раніцы пажар патушылі.

Валгаградзкі нафтаперапрацоўчы завод — адзін з найбуйнейшых у Расеі. Ён вырабляе бэнзін, дызэльнае і авіяцыйнае паліва, паліва для караблёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнік атакаваў нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі Расеі

У ноч на 3 лютага расейскія вайскоўцы і грамадзянскія ўлады зрабілі справаздачу аб зьбітых бесьпілётніках над Варонескай, Белгарадзкай і Растоўскай абласьцямі.

Перад пажарам у Валгаградзе дрон, як сьцьвярджаецца, зьнішчылі на падлёце да Варонежа. «Па папярэдняй інфармацыі, пацярпелых і разбурэньняў на зямлі няма», — напісаў губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў.

Кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў таксама паведаміў пра зьбіты бесьпілётнік. Па яго зьвестках пацярпелых няма, у выніку падзеньня абломкаў у адным доме выбіла вокны, пашкоджаны дах, фасад і плот, і прыпаркаваны побач КАМАЗ.

Мінабароны Расеі паведаміла, што 3 лютага агулам былі зьбітыя чатыры дроны над Белгарадзкай вобласьцю, два — над Валгаградзкай і адзін — над Растоўскай. Пра варонескі бесьпілётнік ведамства не расказала. Расейскія вайскоўцы назвалі атаку «тэрарыстычнай» і абвінавацілі ў ёй Украіну. Кіеў гэта не камэнтаваў.

У студзені Расея і Ўкраіна абмяняліся некалькімі ўдарамі па нафтаперапрацоўчых заводах. Улады хаваюць наступствы нападаў і прадметна іх не камэнтуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала дронамі паўднёвыя і цэнтральныя вобласьці Ўкраіны. Галоўная цэль — энэргетыка