Прапаганда не стамляецца чарніць імя Каліноўскага, але беларусы ёй ня вераць — прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту

Капліца на могілках Росы ў Вільні, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі.

«Прарасейская прапаганда не стамляецца ачарняць імя Кастуся Каліноўскага, перакручваць гістарычныя факты, называць яго „польскім бунтаром“ і „экстрэмістам“, але беларусы ня вераць прапагандзе».

Такую заяву зрабіла прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Аліна Коўшык з нагоды 186-й гадавіны нараджэньня кіраўніка паўстаньня 1863–1864 гадоў, якая адзначаецца сёньня.

«У гэты дзень нарадзіўся наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, які на тэрыторыі нашай краіны кіраваў паўстаньнем <...> і ўзначальваў Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі. Складана знайсьці іншую гістарычную постаць, якая б так яднала беларускі народ», — цытуе Аліну Коўшык прэсавая служба АПК.

Беларускім героем, паводле яе слоў, Каліноўскі прызнаваўся нават у савецкай гістарыяграфіі — як лідэр сялянскага паўстаньня. «Яго імя носяць вуліцы беларускіх і замежных гарадоў. Веру, што так будзе і надалей», — адзначыла Коўшык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 160 гадоў таму Каліноўскі стварыў першы ўрад новай Беларусі. Чаму гэта здарылася

«Мы ведаем пра „Лісты з-пад шыбеніцы“, напісаныя па-беларуску, — той самай лацінкай, якую цяпер сьціраюць з вуліц Менску. Мы ведаем, хто пазбавіў Каліноўскага, які дбаў пра інтарэсы „мужыкоў-беларусаў“, жыцьця. Мы ведаем, хто пахаваў яго са зьвязанымі за сьпінай рукамі», — падкрэсьліла прадстаўніца АПК.

Яна «ня мае сумненьняў», што ў «сумесным падручніку па гісторыі, які зьбіраюцца стварыць беларускі і расейскі рэжымы, аб Каліноўскім як аб герою напісана ня будзе». «І таму мы, як Каліноўскі, працягнем змагацца за нашу праўду, якую ў нас зноў імкнуцца адабраць. Адказнасьць за будучыню Беларусі на ўсіх нас — беларусах і беларусках. На бацьках і дзецях, здольных захаваць у сэрцах сваё», — сказала Коўшык.

«Веру, што мы скончым справу Каліноўскага і станем пакаленьнем, якое перамагло дыктатуру», — дадала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліна Коўшык заклікала беларусаў 2 лютага адзначаць Дзень герояў і гераінь

Прадстаўніца кабінэту нагадала, што да дня нараджэньня Каліноўскага прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні АПК прымеркавала Дзень беларускіх герояў і гераінь і заклікала зрабіць новае сьвята «добрай традыцыяй».

Год назад, 22 студзеня 2023 году, у Вільні на цырымоніі, прысьвечанай 160-годзьдзю пачатку паўстаньня Каліноўскага, беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што падзеі 1863 году аб’ядноўваюць Беларусь, Літву, Польшчу і Ўкраіну, бо народы гэтых краін «адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і сваю годнасьць».

У капліцы на могілках Росы ў Вільні ў 2019 годзе былі перапахаваныя парэшткі 20 паўстанцаў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя на схіле гары Гедзіміна ў 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі не пісаў «Зямля наша... называецца літоўская». Графалягічная экспэртыза адкрыла гістарычную сэнсацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прайшла цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага. ВІДЭА