Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 41, якім устаноўленыя гранічна дапушчальныя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. Як і абяцалі ўлады, у 2024 годзе гэтыя паслугі падаражэюць у два этапы, піша «Зеркало».
Жыльлёва-камунальныя плацяжы ў разьліку на тыповую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні павысяцца ў 2024 годзе на палову базавай велічыні — 20 рублёў. Але ў асобных кватэрах рост можа быць большы.
Павышэньне тарыфаў будзе праведзенае ў два этапы: з 1 студзеня — на жыльлёва-камунальныя паслугі, за выключэньнем ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня (на 10,35 рубля), і з 1 чэрвеня — на цеплавую энэргію для ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня (на 9,65 рубля).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырасьце камуналка, падатак на першую кватэру і працоўны стаж. Што яшчэ зьменіцца ў Беларусі з 1 студзеня«Адпаведна, плацяжы для насельніцтва (у разьліку на тыповую двухпакаёвую кватэру) у ацяпляльны пэрыяд складуць прыкладна 173,15 рубля ў месяц, у летні — 132,86 рубля», — удакладняе прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле разьлікаў чыноўнікаў, у 2024 годзе ўдзельная вага жыльлёва-камунальных плацяжоў у даходзе сям’і з трох чалавек, у якой працуюць двое і атрымліваюць сярэднюю заработную плату, складзе 4,1%, сям’і з двух пэнсіянэраў — 9,1%.