Беластоцкі акруговы суд прыгаварыў беларуса і расейца да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, прысуд можа быць абскарджаны, паведамляе Polskie radio.
Паводле зьвестак абвінавачваньня, мужчыны зьбіралі інфармацыю пра польскія вайсковыя падразьдзяленьні, іх дысьлякацыю, разьмяшчэньне, аснашчэньне і кадравы склад, а таксама пра «падразьдзяленьні саюзных войскаў». Мэтай было «выяўленьне асноўных элемэнтаў польскіх Узброеных сіл і атрыманьне інфармацыі, асабліва датычнай задач салдат польскага войска ў раёне мяжы зь Беларусьсю ў сувязі зь міграцыйным крызісам».
Справу расьсьледаваў аддзел вайсковых спраў Варшаўскай акруговай пракуратуры. Абвінавачаньні тычыліся шпіёнскай дзейнасьці на карысьць расейскай вайсковай выведкі ў пэрыяд з 2017 да 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж Польшчай і Расеяй шпіёнскі скандал, да якога можа быць датычнай і БеларусьАбодва фігуранты справы знаходзіліся ў Польшчы на законных падставах. Паводле зьвестак сьледзтва, беларус вучыўся ў адной з ВНУ Беластоку, а затым працаваў у сфэры падрыхтоўкі да скачкоў з парашутам. Сацыяльныя кантакты выкарыстаў у сваёй працы на расейскую вайсковую выведку.
Расеец працаваў у сфэры культурнай дзейнасьці і турызму.
Абодвух затрымалі ў красавіку 2022 году, з таго часу яны пад арыштам.
- Служба вайсковай контравыведкі Польшчы паведамляла, што ў 2022 годзе «польскія службы затрымалі 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расейскай ці беларускай выведкай».
- У сьнежні Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы паведаміла, што затрымала за шпіянаж грамадзянку Беларусі.