Выставу экспанавалі толькі 10 дзён, яе згорнуць 4 лютага. Пра гэта паведамілі Свабодзе ў прыёмнай музэю.
Экспазыцыю «Жыцьцё праз абрысы і лініі», прымеркаваную да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава, адкрылі 25 студзеня.
Яна мае ня толькі дакумэнтальна-літаратурны складнік, але і адкрывае пісьменьніка як мастака. У экспазыцыі прадстаўлена больш за 70 графічных і жывапісных работ Васіля Быкава.
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году. Па сканчэньні 8 клясаў Кубліцкай сярэдняй школы ён паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак увосень 1940 году празь недахоп грошай і адмену дзяржаўных стыпэндый кінуў навучаньне. Ваяваў, дэмабілізаваўся ў 1947-м, зь цягам часу стаў пісьменьнікам.
Быкаў крытычна ставіўся да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Перад сьмерцю жыў у эміграцыі, але памёр у Менску ў 2003 годзе.