Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што цяпер адпрацоўваюць усе пытаньні для забесьпячэньня ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах асабовага складу Ўзброеных сіл Расеі, у тым ліку тых, хто ваюе на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама іхных сваякоў і цывільнага пэрсаналу арміі.
«Асаблівая ўвага ўдзяляецца забесьпячэньню галасаваньня асабовага складу ў зоне спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Сёньня абмяркуем, як праходзіць падрыхтоўка да ўдзелу вайсковага электарату ў выбарчай кампаніі», — сказаў Сяргей Шайгу на сэлектарнай нарадзе з кіроўным складам Узброеных сіл Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Надзеждзін больш падобны да Бабарыкі, чым да Ціханоўскай», — экспэрт Бэрлінскага фонду Карнэгі СамарукаўГаласаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі пройдзе з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя. Улады Расеі рэгулярна ўмешваюцца ў выбарчы працэс, абцяжарваюць доступ апазыцыі, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і пра прамыя фальсыфікацыі.
На ўдзел у выбарчай кампаніі прэтэндуюць 11 чалавек. Пакуль што ЦВК Расеі зарэгістравала чатырох кандыдатаў, у тым ліку Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуціна зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты Расеі, нягледзячы на скаргу 26 дэпутатаў