Як паведамляе Белстат па выніках працы эканомікі ў студзені–сьнежні 2023 году, рэнтабельнасьць продажаў у студзені–лістападзе 2023 году склала 7,2%, прычым у лістападзе — 5,8%.
У 2022 годзе рэнтабэльнасьць продажаў склала 8,7%, у 2021 годзе — 8,3%, у 2020 годзе — 7,6%. Рэнтабэльнасьць продажаў паказвае, наколькі эфэктыўна працуе прадпрыемства і эканоміка ў цэлым. Падзеньне рэнтабэльнасьці продажаў сьведчыць аб зьніжэньні эфэктыўнасьці беларускай эканомікі.
Аб гэтым сьведчыць і рост колькасьці стратных прадпрыемстваў, які адбыўся ў 2023 годзе. Калі ў 2022 годзе стратных прадпрыемстваў у беларускай эканоміцы было 709, то ў 2023 годзе — 763, прырост склаў 7,6%. Пры гэтым сума чыстых страт гэтых прадпрыемстваў павялічылася на 1,5 мільярда рублёў, ці на 70,7%, і склала 3,55 мільярда рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна і санкцыі. Як два аптычныя заводы зь Ліды занялі розныя бакі ў канфлікце Ўкраіны і Расеі і чым гэта для іх абярнуласяРаманчук: Беларуская эканоміка зарабляе на вайне
Эканаміст Яраслаў Раманчук ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што сумняваецца ў сапраўднасьці гэтых лічбаў:
«Мы ж не давяраем лічбам Цэнтрвыбаркаму? Чаму ж мы павінны давяраць лічбам Белстату? Ведамствы Беларусі працуюць паводле прынцыпу «Чаго пажадаеце?», яны выдаюць такія лічбы, каб прадпрыемствам ня быць занадта прыбытковымі (за гэта дырэктараў перамяшчаюць і нават звальняюць) і разам з тым ня быць занадта стратнымі.
Таму ўсе гэтыя ваганьні зьяўляюцца ня больш чым фікцыяй, гэта выказваньне жаданьняў чыноўнікаў і «чырвоных дырэктараў» і ня маюць нічога агульнага з рэчаіснасьцю, тым больш у межах аднаго-двух працэнтных пунктаў.
Беларуская эканоміка знаходзіцца ў такім стане, што атрымлівае да 15% ВУП за кошт падтрымкі Расеі, зарабляе на вайне, і таму тыя прадпрыемствы, якія працуюць на вайну, яны «ў шакалядзе», астатнія выжываюць ва ўмовах таталітарнай беларускай вайскова-прамысловай сыстэмы. У сельскай гаспадарцы ёсьць сто прадпрыемстваў, якія маюць асаблівы статус, атрымліваюць грошы зь бюджэту, задзейнічаныя ў розных несанкцыянаваных апэрацыях. А паколькі даюць зьвесткі, што там зьнізілася рэнтабэльнасьць, гэта азначае толькі, што заўтра кіраўнікі сельскай гаспадаркі запатрабуюць для яе яшчэ больш падтрымкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат апублікаваў зьвесткі пра сярэдні заробак і рэальныя даходы насельніцтва ў 2023 годзе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што прагназуюць беларускай эканоміцы ўрад і міжнародныя фінансавыя інстытуцыі?