2 лютага Сьвятлана Ціханоўская наведала Ліён на запрашэньне Эўрапейскіх Зялёных, каб абмеркаваць падтрымку дэмакратычных рэформаў у Беларусі, эўрапейскага выбару беларусаў і зялёнай трансфармацыі краіны ў будучыні.
Яна выступіла з уступнай прамовай на Кангрэсе ў якасьці галоўнага госьця.
На пачатку прамовы Сьвятлана Ціханоўская сказала, што адчувае вялікую энэргію і жаданьне зьмяніць сьвет.
«Я шчасьлівая, што не знаходжуся ў камэры катаваньняў, як многія мае сябры. Я шчасьлівая, што мае дзеці са мной, а не ў дзіцячым доме. Але я ня рада, што мой муж усё яшчэ знаходзіцца ў турме, і я дакладна ня ведаю, ці жывы ён.
Я ня радуюся, калі чытаю пра чарговую хвалю арыштаў у
Беларусі і пра нявінныя ахвяры ва Ўкраіне».
Сьвятлана Ціханоўская расказала пра свой шлях у палітыку, пра тое, як яна з хатняй гаспадыні за некалькі месяцаў ператварылася ў палітыка, як яе муж Сяргей Ціханоўскі хацеў стаць прэзыдэнтам і быў арыштаваны і як яна яго замяніла.
Яна заявіла, што Лукашэнка перамог толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна.
«Яны ўтапілі наш рух у гвалце і тэроры. І гэты жах з таго часу не спыняўся ні на адзін дзень. Сёньня, калі я гэта кажу, больш за 1500 палітычных зьняволеных за кратамі. Кожны дзень затрымліваецца 15-20 чалавек. Больш за 70 тысяч прайшлі праз допыты ў КДБ, бяссонныя месяцы ў турме. Столькі загінула...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра стварэньне агульных падручнікаў гісторыі для Беларусі і Расеі: «Гэта нагадвае часы СССР»Далей дэмакратычная лідэрка Беларусі нагадала пра тое, што сярод ахвяраў рэжыму ў Беларусі і палітычных вязьняў шмат зялёных актывістаў, і сярод іх згадала вэб-рэдактара Беларускай Службы Радыё Свабода і экалягічнага актывіста Андрэя Кузьнечыка.
«Я думаю пра Вітольда Ашурка, палітычнага і экалягічнага актывіста. Ён памёр пры нявысьветленых абставінах у папраўчай калёніі, і па факце ягонай сьмерці не была ўзбуджана крымінальная справа. Я думаю пра Сьцяпана Латыпава — самага вядомага арбарыста ў Беларусі. Яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. Ён перанёс катаваньні і спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, ударыўшы сябе ў шыю асадкай. Я думаю пра Паўла Наздру, экаактывіста, які ўзначальваў „Зялёны Рух «Вахта»“ ў родным горадзе Мазыры. Атрымаў 2 гады калёніі, і з таго часу мы ня ведаем, дзе ён. Я думаю пра Аляксандра Бялова, які ўзначальваў арганізацыю па барацьбе з харчовымі адкідамі. Яго прыгаварылі да 5 гадоў... Я таксама думаю пра Андрэя Кузьнечыка, журналіста і роварнага актывіста, прапагандыста экалягічнага транспарту. Больш за два гады яго дзеці растуць бяз бацькі. Думкі пра іх даюць мне сілы змагацца».
Таксама Сьвятлана Ціханоўская сказала, што думае пра ўсіх беларусаў, якія пайшлі ваяваць за Ўкраіну.
«Яны разумеюць, што, змагаючыся за Ўкраіну, яны змагаюцца і за свабоду Беларусі. Таму што лёсы нашых краін пераплеценыя. Без свабоднай Украіны ня будзе свабоднай Беларусі, але і наадварот — без свабоднай Беларусі ня будзе бясьпечнай Украіны. Абедзьве нашы краіны змагаюцца супраць аднаго і таго ж ворага — супраць восі дыктатараў».
Украіна і Беларусь, паводле Ціханоўскай, змагаюцца за адну і тую ж будучыню — эўрапейскую. За будучыню, у якой яны змогуць жыць бяз страху. Дзе людзей ня кінуць у турму за іх погляды і дзе свабодныя выбары, вяршэнства закону, справядлівасьць, роўнасьць і чалавечнасьць».
Нарэшце, Сьвятлана Ціханоўская заклікала эўрапейскіх зялёных, якія цяпер уступаюць у выбарчую кампанію ў Эўрапарлямэнт, уключыць у свае перадвыбарныя праграмы падтрымку Ўкраіны і дэмакратычнай Беларусі.
«Беларусы жадаюць быць часткай эўрапейскай сям’і. І мы хочам пачуць ад вас, што, калі настане момант, дзьверы ЭЗ будуць адчыненыя для нас. Мы хочам, каб Беларусь была ня толькі дэмакратычнай. Мы хочам, каб Беларусь была зялёнага колеру. Нам неабходна дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў і пазбавіцца ад гэтай ганебнай залежнасьці ад расейскага выкапнёвага паліва. Дыктатараў не хвалююць ні людзі, ні плянэта — яны клапоцяцца толькі аб уласным выжываньні».
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.