Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Польшча павысіць цэны на візы. Прычынай такога рашэньня стаў «візавы скандал» у Польшчы — паводле Сікорскага, «каб не дапусьціць падобнага ў будучыні».
«Я вырашыў павысіць цэны на візы, таму што, аказваецца, польскія візы былі аднымі з самых танных у Эўразьвязе, таму ня дзіўна, што ахвочыя ў Афрыцы ці Азіі ішлі ў польскае консульства. Проста тут было таньней», — заявіў кіраўнік МЗС Радослаў Сікорскі ў інтэрвію, апублікаваным на сайце Wyborcza.pl.
Так ён пракамэнтаваў пытаньне аб адказнасьці ягонага папярэдніка Зьбігнева Раў за візавы скандал, які адбыўся ў Польшчы, калі пацьвердзілася, што многія польскія візы выдаваліся без належных працэдур і праверак, у тым ліку за хабар. У асноўным палякі абурыліся неправамернай выдачай візаў іншаземцам з краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу, але ў скандале непасрэдна была замяшаная і індыйская кампанія VFS Global — адзіны афіцыйны пасярэднік пры атрыманьні польскіх візаў у Беларусі.
Наколькі павысіцца цана на польскія візы, кіраўнік МЗС Польшчы не ўдакладніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купляць тур, па-іншаму ніяк». Расказваем, як беларусы цяпер атрымліваюць шэнгенскія візы«Таксама мы размаўляем зь фірмамі, якія напісалі праграмнае забесьпячэньне для нашых сыстэм масавага абслугоўваньня, каб гэтыя месцы ў чэргах па польскую візу ці па сустрэчу з консулам не прадаваліся. Ідэя ў тым, каб пэрсаналізаваць заяўку на сустрэчу, каб яе можна было адмяніць і не перанакіраваць камусьці іншаму», — дадаў кіраўнік МЗС.
Таксама Сікорскаму задалі пытаньне аб рашэньні прыпыніць удзел МЗС у праграме Poland Business Harbour да прыняцьця рашэньняў, якія гарантуюць належную праверку кампаній і іншаземцаў, якія зьяўляюцца яе бэнэфіцыярамі. Кіраўнік МЗС падкрэсьліў, што першапачаткова гаворка ішла пра беларускіх IT-спэцыялістаў, якія маюць сусьветную вядомасьць і што Польшча «не закрытая для гэтай ідэі, але павінны быць упэўненая, што яна дойдзе да тых, да каго павінна дайсьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы: Праграма Poland Business Harbour не апраўдала ўскладзеных надзейПра візавы скандал стала вядома ў верасьні мінулага году, калі партыя «Права і справядлівасьць» яшчэ была ва ўладзе. Скандал прыцягнуў асаблівую ўвагу грамадзтва, бо спрошчаная выдача візаў групам грамадзян замежных краінаў за грошы ішла насуперак афіцыйнай рыторыцы кіроўнай партыі аб узмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.
Сьцьвярджаецца, што за атрыманьне візаў грамадзянамі такіх краін, як Пакістан і Банглядэш, трэба было заплаціць каля 5 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем размаўляць з польскім урадам аб запуску альтэрнатыўных праграм падтрымкі», — Вячорка аб спыненьні візавай праграмы для беларускіх ІТ