Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных установаў, заявіў 1 лютага пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў.
«Гэта тэма вельмі важная, таму што дасюль ёсьць розначытаньні ў разуменьні вельмі важных падзей у гісторыі і СССР, і Расейскай імпэрыі. Цяпер мы дамовіліся аб тым, што мы будзем гэтыя падзеі разглядаць з адзінага пункту гледжаньня», — сказаў Грызлоў.
Ён нагадаў, што на мінулым тыдні падпісалі дакумэнты аб стварэньні расейска-беларускай камісіі па гісторыі. Два складнікі камісіі — расейская міжведамасная камісія па гістарычнай асьвеце, якую ўзначальвае памочнік Пуціна Мядзінскі, і беларуская рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы, якую ўзначальвае кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі анансавалі падручнік для школьнікаў па «агульнай гісторыі саюзнай дзяржавы» з РасеяйУ Расеі і Беларусі апошнім часам актыўна перапісваюць падручнікі гісторыі. У прыватнасьці, з расейскага школьнага падручніка «Навакольны сьвет» для навучэнцаў чацьвёртых клясаў прыбралі некалькі згадак Кіева як сталіцы Кіеўскай Русі. З падручнікаў прыбіраюць згадкі пра масавыя рэпрэсіі, злачынствы эпохі сталінізму, нэгатыўна ацэньваюць вызвольнае паўстаньне 1863 году.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, сярод іншага, спрабуе апраўдаць «гістарычнымі фактамі» напад Расеі на Ўкраіну. Ён, у прыватнасьці, заяўляў, што да стварэньня Ўкраінскай ССР Украіны «не было ў гісторыі чалавецтва». Таксама ён пэрыядычна ўздымае тэму «трыадзінства рускай нацыі» (канцэпцыя, заснаваная на ўяўленьні пра рускі народ як сукупнасьць жыхароў гістарычнай Русі — вялікаросаў, маларосаў і беларусаў, якія лічацца галінамі аднаго народу), заяўляючы, што яна была штучна і гвалтоўна падзеленая ў выніку палітычных пралікаў падчас і пасьля распаду СССР, а Расея павінна аб’яднаць гэтую «рускую нацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучні 10 клясаў з 1 верасьня пачнуць вывучаць гісторыю Беларусі па новых падручніках. Іх падрыхтавалі раней, чым плянавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі вырашылі пачынаць вывучэньне гісторыі ў школе зь першай клясы